Лёс Ціхана Клюкача да канца не ясны
Увечары 19 мая з падачы былога палітзняволенага Піліпа Шаўрова распаўсюдзілася інфармацыя пра гібель на фронце ва Украіне 23‑гадовага беларускага добраахвотніка Ціхана Клюкача. Але дакладнай інфармацыі пра гэта няма. Як расказаў выданню «Люстэрка» прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі па абароне Вадзім Кабанчук, у 3‑й асобнай штурмавой брыгадзе УСУ, дзе служыць Клюкач, ён лічыцца зніклым без вестак.
Ціхан Клюкач
«Наколькі мне вядома, у брыгадзе ён лічыцца зніклым без вестак, таму немагчыма зараз сказаць, што ён загінуў. Пакуль не будзе афіцыйнага паведамлення ад брыгады, дзе ён служыў, і па маральных, і па чалавечых каштоўнасцях мы не можам пра гэта казаць», — адзначыў Кабанчук.
Калі і пры якіх абставінах знік Клюкач, невядома. Кабанчук не змог ні пацвердзіць, ні абвергнуць дату 9 мая, пра якую пісаў той жа Шаўроў.
Па словах Кабанчука, статус «зніклы без вестак» — вельмі шырокае паняцце.
«Чалавек можа быць без сувязі, можа быць якая-небудзь адрэзаная пазіцыя, дзе складана з камунікацыямі. Ён можа быць у палоне. Калі з чалавекам нешта здарылася, адбываюцца абмены целамі, і ўжо потым ідэнтыфікуюць чалавека, хто ён на самой справе, і пацвярджаюць факт гібелі».