Суд у Літве адхіліў скаргу шпіёна Данелюса на тое, што яго не мяняюць на вязняў з Беларусі
Літоўскі суд адхіліў скаргу асуджанага за шпіянаж на карысць Беларусі Мантаса Данелюса, які прасіў арганізаваць ягоны абмен на грамадзян Літвы, што знаходзяцца ў беларускіх турмах.
Мантас Данелюс. Фота з яго фэйсбука
У маі мінулага году Данелюс звярнуўся да прэзідэнта Літвы Гітанаса Наўседы з просьбай ініцыяваць ягоны абмен на грамадзян Літвы, зняволеных у Беларусі. Канцылярыя прэзідэнта на гэта адказала толькі, што азнаёмілася са зваротамі Данелюса.
У сваёй скарзе Данелюс патрабаваў адмяніць адказ канцылярыі прэзідэнта Літвы і выплаціць яму 100 тысяч еўра кампенсацыі маральнай шкоды. Суд, аднак, палічыў, што ліст канцылярыі быў толькі інфармацыйным і не меў юрыдычных наступстваў, таму яго нельга адмяняць.
Акрамя таго, суд адзначыў, што ні прэзідэнцкая канцылярыя, ні адміністрацыйныя суды не маюць паўнамоцтваў ініцыяваць абмен асуджанымі — гэта можа вырашаць толькі прэзідэнт у рамках сваіх паўнамоцтваў.
У выніку ўсе патрабаванні Данелюса былі адхіленыя.
Данелюс быў звычайным інфарматарам, які з ліпеня 2022 года па люты 2023 года абслугоўваў інтарэсы беларускай прапагандысткі Ксеніі Лебедзевай, цесна звязанай са спецслужбамі.
Карыстаючыся даверам беларускай дыяспары ў Вільні, ён уціраўся ў шэрагі апазіцыйных арганізацый, збіраў звесткі пра іх фінансаванне, праекты і асабістыя даныя актывістаў, чым ствараў прамую пагрозу для людзей, якія ўцяклі ад тэрору. Ягонай самай цынічнай аперацыяй стала сустрэча з былым добраахвотнікам палка імя Кастуся Каліноўскага: Данелюс пераканаў байца, што дзейнічае ў інтарэсах пасольства ЗША, таемна запісаў размову і адправіў яе ў Мінск. У маі 2025 года Апеляцыйны суд Літвы паставіў кропку ў ягонай справе, зацвердзіўшы прысуд у выглядзе дзевяці гадоў пазбаўлення волі.
Чытайце таксама:
Літоўскі сябар Ксеніі Лебедзевай, які сеў за шпіянаж, просіць абмяняць яго на беларускіх палітвязняў