БЕЛ Ł РУС

Украіна заклікала пазбавіць Расію статусу пастаяннага члена Рады бяспекі ААН

21.05.2026 / 07:19

Nashaniva.com

Пастаянны прадстаўнік Украіны пры ААН Андрэй Мельнік заклікаў дзяржавы-члены Арганізацыі Аб’яднаных Нацый знайсці палітычны і юрыдычны механізм для пазбаўлення Расіі статусу пастаяннага члена Рады бяспекі.

Фота: Ulf Mauder / picture alliance via Getty Images

Мельнік заявіў пра гэта падчас адкрытых дэбатаў Рады бяспекі па абароне грамадзянскага насельніцтва ва ўзброеных канфліктах, піша Бі-бі-сі.

Паводле слоў Мельніка, сярод усіх войнаў і канфліктаў у свеце расійская агрэсія супраць Украіны «вылучаецца жорсткасцю і сістэматычным характарам гвалту, што здзяйсняецца супраць грамадзянскага насельніцтва».

Ён адзначыў, што, паводле даных Маніторынгавай місіі ААН па правах чалавека ва Украіне, у перыяд са студзеня па красавік 2026 года колькасць ахвяр сярод грамадзянскага насельніцтва ўзрасла на 21% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года і на 93% — у параўнанні з 2024 годам.

«Першыя чатыры месяцы гэтага года сталі самым смяротным перыядам для ўкраінскага грамадзянскага насельніцтва за ўвесь час», — заявіў украінскі дыпламат.

Мельнік нагадаў, што ўзімку Расія сістэматычна атакавала энергетычную інфраструктуру Украіны, спрабуючы «холадам прымусіць мільёны мірных жыхароў падпарадкавацца».

Таксама, паводле яго слоў, расійскія войскі выкарыстоўваюць тактыку «падвойных удараў», калі пасля першай атакі адбываецца другая — «толькі для таго, каб забіць медыцынскі персанал і ратавальнікаў».

«Усе юрыдычныя абавязацельствы па абароне грамадзянскага насельніцтва ўрэшце будуць заставацца пустымі словамі, калі акты агрэсіі і звязаныя з імі ваенныя злачынствы не будуць пакараныя», — падкрэсліў Мельнік, заклікаўшы членаў Савета Бяспекі знайсці шлях да пазбаўлення Расіі статусу пастаяннага члена Рады бяспекі ААН.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула