Трамп і Нетаньяху разышліся ў думках наконт сітуацыі на Блізкім Усходзе
«У Нетаньяху валасы гарэлі», — кажа адна з крыніц.
Біньямін Нетаньяху і Дональд Трамп. Фота: AP Photo/Alex Brandon, File
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп і прэм'ер Ізраіля Біньямін Нетаньяху ўчора падчас тэлефоннай размовы абмеркавалі новыя крокі для дасягнення пагаднення з Іранам, піша Axios са спасылкай на тры крыніцы.
Адзін з суразмоўцаў выдання ахарактарызаваў стан Нетаньяху пасля размовы фразай: «у яго валасы гарэлі». Яшчэ адна крыніца сказала, што «Бібі быў у лютасці».
Паводле даных Axios, Нетаньяху скептычна ставіцца да перамоваў. Ён хоча аднавіць ваенныя дзеянні, каб яшчэ больш аслабіць ваенны патэнцыял Тэгерана і падарваць рэжым праз знішчэнне крытычна важнай інфраструктуры.
Трамп жа, піша выданне, працягвае сцвярджаць, што здзелка магчымая, але заяўляе пра поўную гатоўнасць вярнуцца да вайны, калі кампраміс не будзе знойдзены. Трамп таксама адзначыў, што Нетаньяху «зробіць усё, што я ад яго хачу» адносна Ірана, хоць і падкрэсліў, што ў іх добрыя адносіны.
Цягам апошніх некалькіх дзён Пакістан, Катар, Саудаўская Аравія, Турцыя і Егіпет працавалі над дапрацоўкай мірнай прапановы.
Галоўная мэта новых намаганняў — атрымаць ад іранцаў больш канкрэтныя абавязацельствы адносна іх ядзернай праграмы, а ад ЗША — выразныя параметры паступовага размарожвання іранскіх сродкаў.
Пры гэтым усе крыніцы падкрэсліваюць, што пакуль незразумела, ці пагодзіцца Іран на гэты варыянт.