Беларусам прыходзяць паведамленні аб аўтамабільных штрафах ад неіснуючых арганізацый
Рэагаваць на іх не трэба, а адкрываць спасылкі, якія змяшчаюцца ў гэтых паведамленнях, можа быць небяспечна.
«Лісты шчасця» прыходзяць ад «Дарожнай інспекцыі бяспекі дарожнага руху Беларусі» або «Рэспубліканскага цэнтра апрацоўкі дарожных штрафаў Беларусі» і паведамляюць пра нібыта неаплачаныя штрафы. Пры гэтым атрымальніка паведамлення заклікаюць тэрмінова прыняць меры: «Засталося толькі 3 гадзіны для своечасовай аплаты», піша Onliner.by.
Вось некалькі прыкладаў такіх паведамленняў, прадстаўленых чытачамі Onliner.by.
Рэагаваць на такія паведамленні не трэба, а пераходзіць па спасылках у іх небяспечна. Паведамленні рассылаюцца махлярамі, якія маюць на мэце крадзеж грошай, а інфармацыя пра нібыта здзейсненыя парушэнні і штрафы — толькі падстава.
У Міністэрстве ўнутраных спраў Беларусі карэспандэнту Onlíner пацвердзілі, што такія паведамленні не з’яўляюцца сапраўднымі і праваахоўнымі органамі Беларусі не рассылаюцца.
— Чысты фішынг, — заявілі ў міністэрстве.
Там адзначылі, што ні ДІБДР, ні «дарожнай паліцыі», ні «Рэспубліканскага цэнтра апрацоўкі дарожных штрафаў Беларусі» ў краіне не існуе.
Ужо адно гэта павінна сведчыць пра тое, што такія паведамленні трэба проста выдаляць. Акрамя таго, у паведамленнях прысутнічае спасылка mvd_pl, якая таксама не мае ніякага дачынення да беларускага МУС і вядзе на махлярскі рэсурс.
У МУС падкрэслілі: Дзяржаўтаінспекцыя Беларусі не рассылае спасылкі на аплату штрафаў і не прапануе пераводзіць грошы праз староннія сэрвісы. Аплаціць штраф можна толькі праз ЕРІП, банк або пошту.
— Ні ў якім разе не пераходзьце па падобных спасылках, асабліва з замежнымі даменамі, і ніколі не ўводзьце даныя карты на сумнеўных сайтах, — папярэдзілі ў МУС. — Калі падазраяце, што можаце стаць ахвярай кібермахляроў, неадкладна паведаміце пра гэта ў міліцыю.