На Сызранскім НПЗ у Расіі бушуе пажар пасля атакі БПЛА, ёсць загінулыя
У ноч на 21 мая Сызранскі нафтаперапрацоўчы завод у Самарскай вобласці РФ атакавалі беспілотнікі. На тэрыторыі прадпрыемства пачаўся пажар, над прамзонай падняўся слуп чорнага дыму. Паводле папярэдніх звестак, гарыць адна з установак па перапрацоўцы нафты.
Каля 4 гадзін ночы мясцовыя ўлады ўвялі ў рэгіёне рэжым беспілотнай небяспекі, а крыху пазней абвясцілі рэжым «Дыван», які цалкам закрыў паветраную прастору. З-за пагрозы Расавіяцыя часова спыніла працу аэрапортаў у Саратаве, Ніжнім Ноўгарадзе, Пензе, Махачкале і Калузе.
Губернатар Самарскай вобласці Вячаслаў Фэдарышчаў пацвердзіў атаку БПЛА і паведаміў, што загінулі два чалавекі, таксама ёсць параненыя.
«Астра» пацвердзіла факт гарэння менавіта на тэрыторыі НПЗ. Акрамя таго, адзін з дронаў упаў у прыватным сектары Сызрані прыкладна за 2—2,5 км ад заводу, мяркуецца, што ён быў падаўлены сродкамі радыёэлектроннай барацьбы.
Сызранскі НПЗ уваходзіць у структуру «Раснафты» і з'яўляецца адным з найбуйнейшых у рэгіёне. Завод забяспечвае палівам у тым ліку і ўзброеныя сілы Расіі. Гэта ўжо не першая атака на прадпрыемства — папярэдні сур'ёзны налёт на СНПЗ адбыўся ў канцы красавіка.