«І ўсё ж такі ён існуе!» У сеціве «спалілі», як выглядае новы электрагармонік МАЗ, якую завод трымае ў сакрэце
Мінскі аўтазавод трымае інтрыгу наконт свайго новага электробуса МАЗ-305Е трэцяга пакалення аж да афіцыйнай прэм'еры. Навінку пакажуць упершыню на пецярбургскім «ТранспартФэст» з 21 па 23 мая.
Аднак захаваць таямніцу не атрымалася. У інтэрнэце з’явілася відэа, як МАЗ на фуры вязуць у Расію. Карыстальнікі сацсетак пазналі ў ім доўгачаканую электрагармошку.
«І ўсё ж такі ён існуе!!! Электрагармошка ад МАЗ», — у захапленні пішуць адны.
«Нічога сабе, вось бы ў нас хутчэй убачыць, чакаем на маршрутах у Мінску», — спадзяюцца іншыя.
Праўда, скептыкі сумняюцца: «Гэта крута, але, як я разумею, яшчэ год буду катацца на 103 і 203».
«Два гады таму была карцінка-фоташоп, як 305‑ы МАЗ ездзіць па горадзе. Хутка будзе не фоташоп!»
Між тым завод апублікаваў у сацсетках адно толькі тызер свайго «гармоніка» трэцяга пакалення — МАЗ-305Е.
Запас ходу без падзарадкі складзе 240 кіламетраў — менавіта такі паказчык назваў галоўны канструктар МАЗа Андрэй Саўчыц, каментуючы распрацоўку новай мадэлі.