БЕЛ Ł РУС

Ціхан Клюкач загінуў

21.05.2026 / 10:15

Nashaniva.com

Добраахвотнік Радзівон Батулін у сваім канале пацвердзіў гібель 23‑гадовага беларускага добраахвотніка Ціхана Клюкача. «Парэшткі «Франца» ўдалося выцягнуць», — напісаў ён.

Лёс Ціхана Клюкача апошнімі днямі быў няясны, паведамлялася і пра тое, што ён загінуў, і пра тое, што ён знік без вестак

Але беларускі добраахвотнік Радзівон Батулін пацвердзіў дрэнную навіну.

«Парэшткі «Франца» ўдалося выцягнуць. Следам за ўсімі неабходнымі працэдурамі адбудзецца развітанне», — напісаў ён.

Калі і пры якіх абставінах загінуў Клюкач, невядома.

Ціхан Клюкач — былы палітвязень. Ён нарадзіўся і вырас у Берасці. Палітвязнем стаў у 18 гадоў, спрабуючы ўратаваць ад зняволення дзяўчыну, у якую закахаўся.

Тады сяброўка Ціхана, 18‑гадовая Сафія Малашэвіч, размалявала балончыкам з фарбай сістэму «Рубеж» — шчыты спецыяльных сродкаў абгароджвання. Ціхан на судзе спрабаваў узяць адказнасць за гэта на сябе, хоць на відэа было відаць, што малявала менавіта дзяўчына. Аднак у выніку калонію атрымалі і ён, і яна.

На волю хлопец выйшаў 7 сакавіка 2022 года і праз нейкі час выехаў з Беларусі.

Тады Расія акурат была напаўшы на Украіну, і Клюкач, зусім малады, палічыў сваім абавязкам пайсці на фронт добраахвотнікам. Падчас службы быў звязаны і з Палком Каліноўскага, і з палком «Пагоня», які ў 2022 годзе спрабаваў ствараць ва Украіне Вадзім Пракоп'еў.

Праз праблемы ў адносінах з саслужыўцамі і камандзірамі Ціхан сыходзіў з войска, а пасля вяртаўся.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула