Наўседа: Мы не дазволім нас правакаваць
«Літва будзе абараняць сябе», — сказаў Наўседа.
Фота: Jonathan Raa/NurPhoto via Getty Images
Прэзідэнт Літвы падкрэслівае, што Крэмль, абвінавачваючы краіны Балтыі ў нібыта прадастаўленні Украіне тэрыторыі для нанясення ўдараў па Расіі, проста спрабуе іх правакаваць, піша Delfi.lt.
«Літва будзе абараняць сябе, Літва будзе абараняць сябе разам з краінамі NATO, калі правакацыі будуць ісці звонку. Але Літва ніколі не дазволіць сябе правакаваць або выкарыстоўваць у інтарэсах іншых дзяржаў», — заявіў Наўседа.
«Менавіта таму я вельмі выразна сказаў, што ніякія аб’екты, прызначаныя для трэціх краін або інфраструктуры, або для іншых мэт, для знішчэння іншых аб’ектаў, не могуць пралятаць праз тэрыторыю Літвы, таму што гэта ў першую чаргу звязана з бяспекай самой Літвы», — дадаў ён.
Таксама Наўседа сказаў, што верагоднасць залёту дронаў павялічваецца і застанецца высокай у бліжэйшай будучыні
Выпадак у сераду, калі ў Віленскім павеце быў абвешчаны чырвоны сігнал паветранай трывогі, а жыхарам давялося шукаць сховішча, выявіў прабелы ў падрыхтоўцы дзяржаўных устаноў і грамадскіх арганізацый да такіх сітуацый, якія неабходна выпраўляць.
«Тое, што мы перажылі сёння, — гэта вельмі добры ўрок. <…> Мы абавязаны яго вельмі добра засвоіць», — сказаў прэзідэнт у эфіры LRT.
Ён таксама заклікаў жыхароў сур’ёзна і адказна рэагаваць на паведамленні пра паветраную небяспеку.