У Віцебску жанчына збіла сужыцеля да першай групы інваліднасці. Колькі далі?
29‑гадовая жыхарка Віцебска моцна збіла свайго 37‑гадовага сужыцеля. Наступствы пабояў аказаліся незваротнымі.
Фота: «МагілеўАнлайн»
Пара пражыла разам два гады, і амаль увесь гэты час суправаджаўся скандаламі і бойкамі, піша «МагілеўАнлайн». Жанчына рэгулярна падымала руку на мужчыну, у 2025 годзе яе нават штрафавалі за хуліганства. Сам пацярпелы ў міліцыю ніколі не звяртаўся.
Здарэнне адбылося ў ліпені мінулага года падчас чарговага застолля з сябрамі. Пасля сваркі мужчына пайшоў спаць у суседні пакой, спадзеючыся скончыць канфлікт. Аднак сужыцелька пайшла за ім і пачала збіваць: яна нанесла яму як мінімум шэсць удараў рукамі і нагамі па галаве і целе.
Мужчына атрымаў закрытую чэрапна-мазгавую траўму. Пасля гэтага ў яго развілося цяжкае псіхічнае расстройства, з-за якога медыкі прызначылі яму першую групу інваліднасці.
За наўмыснае прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў суд прысудзіў ёй 4 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (так званую «хімію»).