У дакументальным фільме з удзелам Ціханоўскай заблюрылі Вераніку Цапкала
Але не па просьбе Ціханоўскай.
У поўнаметражным дакументальным фільме пра беларусак у палітыцы «Не створаныя для палітыкі» (Not made for politics) кадры з Веранікай Цапкала заблюраныя.
Гэта было зроблена па жаданні самой Веранікі Цапкала — праўда, яна ўвогуле настойвала на выразанні ўсіх кавалкаў з яе ўдзелам.
«Я папрасіла рэжысёрку выразаць усе кадры з фільма, дзе я прысутнічаю», — пацвердзіла Вераніка «Нашай Ніве». На пытанне пра прычыны такой просьбы яна не адказала.
Вераніка Цапкала, Святлана Ціханоўская і Марыя Калеснікава — жаночае трыа, якое аб’яднала свае высілкі ў супрацьстаянні Лукашэнку ў 2020 годзе, калі для ўдзелу ў выбарах не зарэгістравалі першапачатковых кандыдатаў з ліку іх мужоў і паплечнікаў. Ілюстрацыйнае фота: «Наша Ніва»
Фільм «Не створаныя для палітыкі» цяпер дэманструецца на паказах за мяжой і міжнародных фестывалях, і тыя, хто яго ўжо паглядзеў, адзначаюць абсурднасць заблюранасці Веранікі Цапкала: усё ж прадстаўніцтва штабоў тройкай гэтых жанчын — гістарычны факт і пазнавальны сімвал выбарчай кампаніі-2020.
На думку людзей з палітычнага і кіношнага кола, Вераніка Цапкала проста не захацела фігураваць у фільме пра Святлану Ціханоўскую. Хоць гісторыя нацыянальнай лідаркі ў стужцы — далёка не адзіная.