БЕЛ Ł РУС

Улады засакрэцілі фінансавую справаздачнасць медыяхолдынга нявесткі Лукашэнкі

21.05.2026 / 12:05

Nashaniva.com

З 2025 года фінансавыя паказчыкі медыяхолдынга, якім кіруе нявестка Лукашэнкі, сталі «дзяржаўнай падатковай таямніцай». Такую пастанову выдаў Савет міністраў, піша «Бюро».

Фота: БелТА

Пад грыфам «сакрэтна» аказаліся амаль усе актывы, звязаныя з Ганнай Лукашэнка, якая больш вядомая як аўтарка тэкстаў песень Ганна Сялук: «Музычная медыякампанія» — медыяпрадакшэн, «Музычная частата» — акумулюе дзейнасць трох радыёстанцый, і нават нядаўна створанае рэкламнае агенцтва «Крэатыўны код».

 Апошні год «Бюро» адзначае тэндэнцыю: сям’я Лукашэнкі актыўна хавае структурныя і фінансавыя дадзеныя кампаній, якія звязаныя з імі асабіста і іх блізкімі сябрамі. Раней такім жа парадкам была засакрэчаная ўся фінансавая справаздачнасць фірм пад кантролем братоў Лукашэнкаў — Віктара і Дзмітрыя. Таксама нядаўна паведамлялася, што «дзяржтаямніцай» стала і бухгалтарская справаздачнасць рыбнага холдынга Людмілы Няронскай, бізнэс-інтарэсы якой лабіруе клан Віктара Лукашэнкі.

«Бюро» накіравала запыты ў Савет міністраў, Міністэрства па падатках і зборах і Міністэрства юстыцыі, у якіх папрасіла даць тлумачэнні: чаму інфармацыя пра расходы і даходы прыватных фірм стала «дзяржаўнай падатковай таямніцай». 

Журналісты атрымалі адказ з Міністэрства па падатках і зборах. У ведамстве паведамілі, што «раскрыццё запытанай інфармацыі заканадаўствам не прадугледжана».

Адзіная фірма з медыяхолдынга Сялук, якая не трапіла пад грыф «сакрэтна», — «АНСЛ прадакшн». Яе бенефіцыярны ўладальнік — Андрэй Урублеўскі — топ-менеджар мужа Ганны Лукашэнкі-Сялук — Дзмітрыя Лукашэнкі. Гэтая фірма трымае долі ў «Музычнай медыякампаніі» і «Крэатыўным кодзе». Па выніках 2025 года чысты прыбытак «АНСЛ прадакшн» склаў 266 тысяч рублёў.

На чым канкрэтна зарабляе «АНСЛ прадакшн», дакладна невядома. Аднак з 2023 па 2025 гады фірма падавала дэкларацыі па падатку на нерухомасць арганізацый. Гэта сведчыць пра тое, што на балансе кампаніі маецца нерухомасць, якую «АНСЛ прадакшн» можа здаваць у арэнду.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула