БЕЛ Ł РУС

На дарогах Беларусі сёлета выпрабуюць канадскі скотапрагон. Як ён абароніць ад дзікіх жывёл?

21.05.2026 / 14:16

Nashaniva.com

У Гродзенскай вобласці на трасе М-6 бліжэй да восені плануюць выпрабаваць канадскі скотапрагон — спецыяльную канструкцыю, якая не дае буйным дзікім жывёлам выходзіць на дарогу. Такія ўчасткі хочуць зрабіць у трох месцах.

Галоўная асаблівасць скотапрагону ў тым, што ён не перашкаджае руху транспарту, веласіпедыстаў і пешаходаў, але затрымлівае жывёл. З-за асаблівай канструкцыі — часта ў выглядзе металічнай рашоткі — буйныя звяры не могуць наступаць на такую паверхню і таму не ідуць далей.

Машына можа спакойна праехаць зверху, чалавек — перайсці, а вось буйная жывёла, напрыклад лось або казуля, ісці па такім месцы не хоча, бо паверхня для яе нязручная.

Гэтую меру хочуць выкарыстаць там, дзе агараджальная сетка перарываецца — напрыклад, каля з’ездаў на лясныя дарогі або ў населеныя пункты. Менавіта ў такіх месцах жывёлы могуць выходзіць на трасу.

У Беларусі таксама ўжо амаль два гады ідзе эксперымент з «разумным» пераходам для дзікіх жывёл на М-10 у Гомельскай вобласці. Там датчыкі фіксуюць з’яўленне звера побач з дарогай і падаюць сігнал на дарожныя знакі, каб папярэдзіць кіроўцаў.

Паводле афіцыйных звестак, у 2025 годзе ў Беларусі зафіксавалі амаль 5 тысяч ДТЗ з дзікімі жывёламі. У 2026‑м колькасць такіх здарэнняў расце. Часцей за ўсё ў аварыях гінуць казулі — каля 70% усіх выпадкаў, у 20% — ласі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула