МЗС выклікала часовага паверанага Літвы, заяўляе пра парушэнне мяжы ўкраінскім беспілотнікам
«Яму быў выказаны рашучы пратэст у сувязі з чарговым грубым парушэннем Дзяржаўнай мяжы Беларусі беспілотным лятальным апаратам з тэрыторыі Літвы», — заявіў прэс-сакратар МЗС Руслан Варанкоў.
21 мая ў Міністэрства замежных спраў быў выкліканы часовы павераны ў справах Літвы ў Беларусі Эрыкас Вілканецас.
«Яму быў выказаны рашучы пратэст у сувязі з чарговым грубым парушэннем Дзяржаўнай мяжы Беларусі беспілотным лятальным апаратам з тэрыторыі Літвы», — заявіў прэс-сакратар МЗС Руслан Варанкоў.
Сцвярджаецца, што 17 мая ўкраінскі беспілотны лятальны апарат «Чайка», які першапачаткова накіроўваўся на тэрыторыю Расіі для нанясення ўдараў па аб’ектах на яе тэрыторыі, быў выяўлены каля вёскі Станіслаўцы Докшыцкага раёна.
«Літоўскі бок не распачаў дзеянняў па недапушчэнні пранікнення баявога дрона на тэрыторыю Беларусі, уключаючы своечасовае апавяшчэнне беларускіх узброеных сіл, у адрозненне ад тых мер, якія беларускі бок прымае ў аналагічных сітуацыях», — заяўляюць у МЗС і кажуць, што «гэтыя дзеянні ўяўляюць сабой прамую пагрозу бяспецы Рэспублікі Беларусь і з’яўляюцца грубым парушэннем нормаў міжнароднага права».
Афіцыйны Мінск патрабуе ад літоўскага боку:
- — правесці разбіральніцтва па гэтым факце,
- — неадкладна прадаставіць дэталёвую інфармацыю пра абставіны інцыдэнту,
- — прыняць вычарпальныя меры для недапушчэння падобных інцыдэнтаў у будучыні.