У Літве па справе аб кантрабандзе затрыманы 27 чалавек, сярод іх — 13 супрацоўнікаў сілавых структур
У пятніцу праваахоўныя органы далі дадатковую інфармацыю пра маштабную аперацыю, якую ў апошнія дні праводзілі Бюро крымінальнай паліцыі і Генеральнай пракуратуры Літвы, паведамляе LRT.
Фота: літоўская паліцыя
Намеснік генеральнага камісара паліцыі Літвы Марус Драўдвіла на прэс-канферэнцыі паведаміў, што аперацыя звязана з кантрабандай цыгарэт з выкарыстаннем метэаралагічных паветраных шароў.
Паводле яго слоў, на гэтым тыдні ўсяго былі затрыманыя 27 чалавек, сярод іх — 13 супрацоўнікаў паліцыі і Службы аховы дзяржаўнай мяжы.
«Члены злачыннага аб’яднання выкарыстоўвалі GPS-прылады, а таксама зашыфраваныя сродкі сувязі, каб дакладна ведаць, дзе прызямляюцца метэаралагічныя шары. <…> Потым яны забіралі іх, захоўвалі і, вядома, рэалізоўвалі кантрабандныя цыгарэты», — расказаў ён.
Раніцай у аўторак байцы спецпадраздзялення ARAS былі заўважаныя каля шматкватэрных дамоў у Салечніках, а пазней — і каля будынка раённага самакіравання. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, адным з затрыманых у аўторак мог быць супрацоўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы, а сярод затрыманых таксама згадваўся супрацоўнік самакіравання.
Як мінімум дзве крыніцы паведамілі парталу, што ў чацвер ператрусы праводзіліся і ў камісарыяце паліцыі Салечнікаў. Паводле неафіцыйных даных, у ходзе аперацыі былі затрыманыя як мінімум сем чалавек, адзін з іх спрабаваў уцячы.
Частка затрыманых ужо не ўпершыню фігуруе ў падобных справах.