Сілавікі пра затрыманне Хлястова: Будзе дома пасля адбыцця пакарання
Акаўнт, звязаны з сілавымі органамі, сцвярджае, што ў ГУБАЗіК спявак быў год таму.
Аляксей Хлястоў. Фота з яго інстаграма
Сёння стала вядома, што спявак Аляксей Хлястоў, які праз забарону выступаць пайшоў у таксісты, трапіў на Акрэсціна. У акаўнце спевака пазней з'явілася відэа, якое ён запісаў на выпадак чарговай «прафілактычнай размовы» з сілавікамі.
У тым відэа Аляксей расказвае, што яго выклікалі ўжо двойчы. Першы раз — ГУБАЗіК, пасля ГУУС. «Цяпер мяне запрасілі ў Транспартную міліцыю ці Транспартную службу на Партызанскі праспект. Я мяркую, што буду або затрыманы, або будзе зноў размова. Ніякія неправамерныя дзеянні я не рабіў, нічога не здзяйсняў», — гаворыцца ў відэа.
У каментарах да допісаў у Threads пра затрыманне спевака акаўнт, звязаны з сілавымі органамі, сцвярджае, што Хлястоў «ігнараваў неаднаразовыя выклікі ў ДАІ для складання пратаколу за тое, што кінуў сваё аўто пад знакам», казаў, што знаходзіцца ў іншых гарадах.
«Не дачакаліся і давялося шукаць самім. Усё. Кропка. А ў ГУБАЗіКу ён быў год таму. Карацей, не падпарадкаваўся законным патрабаванням», — піша акаўнт і дадае, што гэта старое відэа.
Ён запэўнівае, што Хлястоў «будзе дома пасля адбыцця пакарання».