БЕЛ Ł РУС

У Беларусі плануюць пастрожыць патрабаванні да рэпетытараў

22.05.2026 / 14:17

Nashaniva.com

У краіне маюць намер змяніць правілы працы для рэпетытараў, якія займаюцца навучаннем дзяцей. Каб аказваць паслугі ў гэтай сферы, неабходна будзе трапіць у спецыяльны рэестр.

Мінадукацыі ўжо падрыхтавала праект пастановы, які прадугледжвае стварэнне такой базы. Дакумент вынесены на грамадскае абмеркаванне, піша Myfin.

Што плануюць змяніць

Новыя правілы збіраюцца ўвесці не для ўсіх рэпетытараў, а менавіта для фізічных асоб, якія вядуць самастойную прафесійную дзейнасць па навучанні дзяцей.

Каб афіцыйна займацца такой працай, выкладчыкам трэба будзе зарэгістравацца ў спецыяльным рэестры.

Фармаваць і весці базу будзе Дэпартамент кантролю якасці адукацыі.

Пры гэтым яе плануюць зрабіць максімальна празрыстай: звесткі з рэестра будуць размяшчацца ў адкрытым доступе на сайце Міністэрства адукацыі.

У праекце асобна прапісалі катэгорыі людзей, якія не змогуць трапіць у рэестр рэпетытараў.

Па-першае, гэта асобы, у дачыненні да якіх уступіў у сілу абвінаваўчы прысуд за злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці. Пры гэтым абмежаванне будзе дзейнічаць нават пасля зняцця або пагашэння судзімасці.

Па-другое, у базу не ўключаць спецыялістаў без профільнай адукацыі, якія аказваюць паслугі настаўніка-дэфектолага, лагапеда, тыфлапедагога, сурдапедагога або алігафрэнапедагога.

Калі пачнуць дзейнічаць новыя правілы

Перад прыняццем дакумента ўлады вырашылі правесці грамадскае абмеркаванне праекта. Свае заўвагі і прапановы можна пакінуць на спецыяльнай тэме на Прававым форуме Belarusian Legal Forum з 22 мая па 1 чэрвеня.

Калі пастанову прымуць, новыя правілы пачнуць дзейнічаць праз тры месяцы пасля афіцыйнай публікацыі дакумента.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула