БЕЛ Ł РУС

Дачнікаў будуць строга караць за баршчэўнік і нават за сумнік

22.05.2026 / 15:31

Nashaniva.com

Уладальнікаў лецішчаў, прыватных дамоў і зямельных участкаў абавяжуць змагацца з інвазійнымі раслінамі, пішуць Мінск-навіны.

Пад адміністрацыйную адказнасць цяпер трапляе адсутнасць барацьбы з распаўсюджваннем баршчэўніка Сасноўскага і сумніка канадскага.

Апошні многія памылкова лічаць бяскрыўднай жоўтай кветкай, але эколагі называюць яе адным з самых агрэсіўных інвазійных відаў.

Так, адзін куст дае да 100 тысяч насення за сезон са 100% усходжасцю. Расліна выцясняе мясцовую флору, пагаршае глебу і выдзяляе рэчывы, што прыгнятаюць рост іншых раслін. Сумнік не ядуць жывёлы, ён амаль не хварэе і актыўна захоплівае тэрыторыі ўздоўж дарог, на закінутых участках, каля дач, на могілках і на ўскраінах палёў.

У Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях уводзіцца новы артыкул — «Нездзяйсненне работ рэгулявання распаўсюджвання і колькасці асобных відаў раслін».

З чэрвеня ўладальнікам участкаў давядзецца больш уважліва сачыць за тэрыторыяй і своечасова знішчаць небяспечныя расліны. Асаблівую ўвагу варта надаваць закінутым куткам, месцам уздоўж платоў і ўчасткам каля пустак і палёў.

За сумнік і баршчэўнік будуць штрафаваць з 19 чэрвеня. Штраф — да 450 рублёў (да 10 базавых адзінак).

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула