БЕЛ Ł РУС

Сямейная пара з Францыі пакінула двух малых дзяцей у лесе — і паехала. І гэта не казка пра Гензэль і Грэтэль

23.05.2026 / 10:14

Ідаля Салавей

У Партугаліі праваахоўныя органы расследуюць справу аб пакіданні дваіх малых дзяцей у небяспецы. Братоў трох і пяці гадоў, якія аказаліся грамадзянамі Францыі, знайшлі ў лясістай мясцовасці пасля таго, як маці і айчым пакінулі іх там пад выглядам гульні.

Знойдзеныя ў лесе хлопчыкі. Фота: Нацыянальная рэспубліканская гвардыя Партугаліі / dailymail.com

Інцыдэнт адбыўся на поўдні Партугаліі (рэгіён Алентэжу), у раёне паміж гарадамі Алкасер-ду-Сал і Кампорта. Гэта маляўнічая, але маланаселеная лясістая мясцовасць недалёка ад Атлантычнага ўзбярэжжа, размешчаная прыкладна за 100 кіламетраў на поўдзень ад сталіцы краіны Лісабона.

Менавіта там, як паведамляе Daily Mail, вечарам у аўторак, 19 мая, мясцовая сямейная пара заўважыла на дарозе двух хлопчыкаў, якія былі адны, плакалі і былі напалоханымі. Пры дзецях былі толькі заплечнікі з мінімальным запасам вады, садавіны і зменным адзеннем.

Сведкі адразу выклікалі паліцыю, пасля чаго дзяцей даставілі ў шпіталь горада Сетубал. Медыцынскі агляд паказаў, што хлопчыкі фізічна здаровыя, хоць і мелі на целе сінякі і драпіны. Экспертыза таксама пацвердзіла адсутнасць у іх арганізме якіх-небудзь прэпаратаў.

Падчас размовы з уладамі дзеці распавялі дэталі здарэння. Паводле іх слоў, маці і айчым завязалі ім вочы і завезлі ў лес, патлумачыўшы гэта гульнёй, мэта якой — «прагнаць д’ябла». Бацькі сказалі сынам, што тыя могуць зняць павязкі толькі пасля таго, як знойдуць закапаны ў зямлі нож.

Калі старэйшы брат усё ж праз некалькі хвілін зняў павязку, дарослых побач ужо не было. Дзеці некалькі гадзін блукалі па лесе пры тэмпературы паветра каля 30 градусаў, пакуль не выйшлі да дарогі.

Рэчы, якія былі пры дзецях. Фота: Нацыянальная рэспубліканская гвардыя Партугаліі / dailymail.com

Следства высветліла, што сям’я прыехала ў Партугалію з французскага Кальмара. Яшчэ за два тыдні да гэтага сваякі дзяцей — бабуля і біялагічны бацька — заяўлялі ў французскую паліцыю пра выкраданне хлопчыкаў мамай.

Вядома, што сям'я перасекла іспанска-партугальскую мяжу 11 мая. Перад тым, як пакінуць дзяцей, пара спынялася ў адным з мясцовых гатэляў. Таксама паведамляецца, што айчым хлопчыкаў раней трапляў у поле зроку французскай паліцыі ў сувязі з псіхічным разладам.

На гэты момант хлопчыкі знаходзяцца пад наглядам і рыхтуюцца да перадачы французскаму пасольству. У Францыі ў дачыненні да бацькоў заведзеная крымінальная справа за грэбаванне бацькоўскімі абавязкамі, а ў Партугаліі пачата тэрміновая судовая працэдура ў судзе па справах непаўналетніх. У чацвер, 21 мая, партугальская паліцыя паведаміла пра арышт маці і айчыма. 

Чытайце таксама:

На трохгадовым хлопчыку ад пліты загарэлася адзенне

У Ваўкавыску прадавачка мяккіх цацак заявіла ў міліцыю пра крадзеж. Злодзей аказаўся нечаканы

У ЗША мужчына загінуў у метро пасля таго, як яго зацягнула ў эскалатар. Больш за 20 хвілін яму ніхто не дапамагаў

Каментары да артыкула