БЕЛ Ł РУС

Украінскі марпех у расійскім палоне пераказаў сукамернікам усе сем кніг «Гары Потэра». Ён ведаў кнігі на памяць

23.05.2026 / 10:07

Nashaniva.com

1495 дзён у расійскім палоне — без сувязі з роднымі, без разумення таго, што адбываецца ва Украіне. У цемры, дзе, здавалася, не засталося нічога чалавечага, выжыць і захаваць унутраныя сілы Аляксандру Іванову дапамагла дзіцячая казка, напоўненая глыбокімі філасофскімі сэнсамі, піша Бі-бі-сі — Украіна.

32‑гадовы Аляксандр — вялікі прыхільнік «Гары Потэра». Ён прачытаў кнігі культавага фэнтэзі Джоан Роўлінг столькі разоў, што практычна вывучыў іх на памяць. І ў палоне, каратаючы бясконцы час, калі ўжо ўсе думкі перадумаў, ён пачаў пераказваць раман сваім таварышам па камеры — старонка за старонкай, раздзел за раздзелам — шэптам, каб не пачулі наглядчыкі.

«Я заўсёды спыняўся на самым цікавым месцы, як у серыялах, — кажа Аляксандр. — І як толькі зноў выпадала магчымасць, хлопцы прасілі мяне расказваць далей».

Так Аляксандр міжволі паўтарыў тое, што ў свой час рабілі многія вядомыя вязні. Васіль Стус у лагерах чытаў свае вершы сукамернікам, калі яму забаранялі пісаць, італьянскі пісьменнік Прыма Леві ў Асвенціме пераказваў іншым вязням «Боскую камедыю» Дантэ, а герой рамана Івана Багранага «Сад Гефсіманскі» распавядаў у камеры «Мадам Бавары».

BBC News Украіна пагутарыла з Аляксандрам праз некалькі дзён пасля яго вызвалення. Ён вярнуўся ва Украіну падчас апошняга абмену палоннымі паміж Украінай і Расіяй 15 мая. Разам з ім дадому вярнуліся 205 украінскіх вайскоўцаў.

Зараз вайсковец праходзіць рэабілітацыю і чакае такой доўгачаканай сустрэчы са сваёй жонкай Нэлі і васьмігадовым сынам Дзямідам.

Марыупаль

Аляксандр нарадзіўся ў Кіеве. Яшчэ ў школе ён вырашыў звязаць сваю будучую кар’еру з вайсковай справай — скончыў спачатку Кіеўскі вайсковы ліцэй, а потым — вайсковы інстытут Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта. Пасля заканчэння вучобы ён трапіў у 501‑ы батальён ваенна-марскіх сіл. Дзякуючы веданню англійскай мовы паўгода служыў ва ўкраінскім кантынгенце ў Косава, а потым атрымаў пасаду кіраўніка фінансавай службы 36‑й брыгады марской пяхоты ў Мікалаеве, мае званне маёра.

У Мікалаеве ён пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Нэлі — таксама вайскоўкай і такой жа палкай прыхільніцай «Гары Потэра», як і ён.

Аляксандр з жонкай Нэлі і сынам Дзямідам

Пачатак поўнамаштабнай вайны Аляксандр і Нэлі сустрэлі за 600 км адзін ад аднаго. Ён быў на ратацыі ў Марыупалі, яна — дома ў Мікалаеве з іх трохгадовым сынам.

Пра Марыупаль таго часу Аляксандр згадвае найперш пах — «паветра прасякнута смерцю». Ён прыгадвае шэрыя дні ў бункеры на Заводзе Ільіча, куды не трапляла сонца, чорныя мяшкі з людзьмі ў калідорах і падлік загінулых, параненых, зніклых без вестак, а таксама адчайныя спробы прарыву.

На світанку 12 красавіка 2022 года ён апошні раз патэлефанаваў сваёй жонцы і распавёў, што яны прынялі рашэнне здацца ў палон.

«Ён сказаў: «Гэта будзе наша апошняя з табой сувязь, бо ў нас такі выбар», — распавядае Нэлі. Яшчэ праз некалькі дзён прыйшло апошняе SMS-паведамленне з яго нумара. Ён напісаў, што жывы, што знаходзіцца ў Яленаўцы ў «ДНР» у палоне і каб яна больш на гэты нумар не пісала.

Ні Аляксандр, ні Нэлі не маглі тады нават уявіць, што зноў убачаць адно аднаго толькі праз доўгія чатыры гады невядомасці. Найгоршае ў палоне — не фізічныя здзекі, а тое, як цябе спрабуюць зламаць маральна, распавядае Аляксандр.

«Фізічна што? Ты выйшаў на праверку, 5—10 хвілін, і вярнуўся назад, а вось псіхалагічны момант працягваўся не толькі падчас праверкі», — кажа вайсковец.

Расіяне пастаянна казалі, што Украіны як дзяржавы больш няма, што па яе тэрыторыі ўвесь час страляюць і там гінуць людзі. Яны таксама не перадавалі лісты. Аляксандр прыгадвае, як аднойчы ахоўніку загадалі раздаць лісты палонным, а ён пачаў іх дэманстратыўна спальваць.

За чатыры гады Аляксандру ўдалося толькі адзін раз адправіць сваёй жонцы галасавое паведамленне — дазволілі надыктаваць тры сказы, а на наступны дзень ён атрымаў такі ж кароткі адказ ад яе. Яна распавяла, што яны святкавалі дзень нараджэння сына, былі ў кіно і дзіцячым пакоі.

«Я тады зразумеў, што калі дзеці ў Мікалаеве (недалёка ад фронту) ходзяць у кіно, то гэта азначае, што ва Украіне ўсё добра», — кажа Аляксандр.

Тры гады свайго палону ён правёў у калоніі ў Мардовіі. Там была маленькая камера на восем чалавек, дзе большую частку часу трэба стаяць. У ёй — прыбіральня і ўмывальнік з халоднай вадой, маленькі брусок мыла, цюбік зубной пасты і рулон туалетнай паперы на ўсіх на тыдзень.

Раз у тры-чатыры дні — прагулка па дзве-пяць хвілін. Тройчы на дзень давалі гарачае харчаванне, але яго якасць і колькасць былі такімі, што Аляксандр за час палону схуднеў на 30 кг.

У апошні год стала крыху лягчэй, праверак, падчас якіх звычайна здзекаваліся з палонных, амаль не было, і нават пачалі перадаваць лісты ад блізкіх. Тым часам Нэлі ва Украіне па крупінках збірала інфармацыю пра свайго мужа.

У асноўным усё, што ёй было вядома пра Аляксандра, пра яго перамяшчэнні і фізічны стан, распавядалі вайскоўцы, якіх абменьвалі. У палоне яны вучылі на памяць нумары тэлефонаў жонак сваіх таварышаў і тэлефанавалі ім пасля вызвалення.

«І так у мяне складвалася карцінка: ага, ён быў вось тут, потым быў у гэтым месцы, потым у гэтым. Так я даведвалася пра яго здароўе, пра яго думкі», — кажа Нэлі.

А потым пачалі з’яўляцца іншыя навіны. Да Нэлі дайшлі чуткі, што Аляксандр у палоне пераказвае на памяць «Гары Потэра».

«Я не здзівілася, — усміхаецца яна. — Але ўзрадавалася. Раз ён там пераказвае «Гары Потэра», раз у яго ёсць такі настрой, то не ўсё так дрэнна».

«Вязні Азкабана»

З серыяй раманаў Роўлінг пра хлопчыка-чараўніка Аляксандр пазнаёміўся даволі нечакана.

Аляксандр крайні справа ў другім шэрагу на перадачы «Самы разумны» ў 2005 годзе

У 2005 годзе, калі ён быў у шостым класе, ён вырашыў узяць удзел у тэлевізійнай гульні для дзяцей «Самы разумны», якую тады вяла расійская вядучая Ціна Кандэлакі. Адной з тэм падрыхтоўкі былі два светы фэнтэзі — «Уладар пярсцёнкаў» і «Гары Потэр». Аляксандр выбраў другі.

Ён прайшоў адбор з 7 тысяч кандыдатаў, але вылецеў у першым раўндзе гульні, затое сага пра Гары Потэра захапіла яго назаўсёды.

Ён з нецярпеннем чакаў выхаду кожнай наступнай часткі рамана, а пятую кнігу «Ордэн Фенікса» праглынуў літаральна за дзень.

Пазней чытанне «Гары Потэра» змяншала яму доўгую дарогу з Левага берага, дзе ён жыў у Кіеве, да ўніверсітэта ў Галасееўскім раёне.

«Раніцай дарога ў адзін канец горада, увечары — назад, трэба было неяк бавіць час, і я ўсё чытаў і перачытваў «Гары Потэра», і так атрымалася, што вывучыў яго на памяць».

Ён адразу голасам казачніка-майстра выдае: «Гары, у аддзеле таямніц ёсць такі пакой, які заўсёды трымаюць зачыненым. Там захоўваецца сіла, адначасова вельмі страшная і вельмі чыстая. Гэтая сіла можа разбурыць і знішчыць твой свет. Можа даць табе такую моц, якой табе ніхто і ніколі не дасць у жыцці. Імя гэтай сіле — каханне».

Гэта ўрывак з пятай часткі рамана, калі Дамблдор распавядае Гары пра яго сілу, тлумачыць Аляксандр. Ён дадае, што, магчыма, апісанне Грымучай вярбы ён і не перакажа падрабязна, а вось большасць дыялогаў — цалкам.

Але як яму прыйшла думка распавядаць гэтую гісторыю ў палоне?

Аляксандр згадвае, што адзін з прыёмаў псіхалагічнага ціску ў палоне — гэта забарона размаўляць адзін з адным.

Вязні амаль увесь час ад пад’ёму да адбою праводзяць у камеры стоячы і моўчкі. У туалет — па камандзе, тры прыёмы ежы — і ўсё, потым зноў стаіш і маўчыш. А яшчэ бесперапынна грае радыё, па якім транслююць прапагандысцкія перадачы пра гісторыю Расіі.

Тату з сімволікай з сусвету Гары Потэра

«Так, ты ўвесь час у сваіх думках, — кажа вайсковец. — Спачатку былі нейкія мары пра будучыню, потым месяц-паўтара пачынаеш будаваць сабе нейкія планы, потым месяц-два ўспамінаць усе моманты свайго жыцця… Але надыходзіць момант, калі табе проста ўжо няма пра што думаць».

Так аднойчы Аляксандр падзяліўся з таварышамі, што ён — фанат Гары Потэра, і яны папрасілі яго расказаць, пра што гэтая кніга.

«А я кажу: выкінуць адтуль я нічога не магу. Усё адно сядзім, дык я раскажу ўсё», — згадвае ён.

Нэлі таксама распавяла неверагодную гісторыю пра тое, як яе муж у палоне пераказвае адну за адной кнігі пра хлопчыка-чараўніка і як гэта дапамагае трымацца яму і іншым украінскім палонным.

«Мы верым, што «шчасце можна знайсці ў самыя цёмныя часы, калі не баяцца звяртацца да святла», — напісала яна ад рукі на англійскай мове, дадаўшы: «Алекс стаў такім святлом для многіх іншых».

Каб прыцягнуць увагу да гэтай гісторыі, у лютым журналісты ТСН знялі сюжэт пра тое, як Нэлі піша ліст брытанскай пісьменніцы Джоан Роўлінг.

Джоан Роўлінг не адказала, але цуд, на які Аляксандр і Нэлі так спадзяваліся, усё ж адбыўся.

«Чалавек у роспачы стукае спачатку ў адчыненыя дзверы, потым у зачыненыя, а калі і там не адказваюць, пачынае стукаць у прыдуманыя фантастычныя дзверы, — кажа Аляксандр. — Я не выключаю, што за тымі магічнымі дзвярыма адказалі».

15 траўня Нэлі прыйшло паведамленне на тэлефон ад Каардынацыйнага штаба па пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі.

Убачыўшы яго, яна расплакалася — Аляксандр вяртаўся дадому.

«Я сказала сыну, што тату абмянялі. Ён так скакаць пачаў, такой радасці я ў яго яшчэ не бачыла, абняў мяне і не мог зразумець, чаму я плачу».

Пакуль Аляксандр праходзіць рэабілітацыю ў Кіеве, яны штодня размаўляюць па тэлефоне — бо ім так шмат трэба расказаць адно аднаму. І ўжо зусім хутка сям’я нарэшце зможа абняцца.

Сын Аляксандра Дзямід чакаў бацьку з палона

Тым часам Аляксандр залпам паглынае навіны, спрабуючы навярстаць усё, што ён прапусціў. А яшчэ ён атрымлівае сотні паведамленняў падтрымкі і пасылкі з атрыбутыкай Гары Потэра ад людзей, якія даведаліся яго гісторыю.

«Не магу перадаць словамі, што гэта для мяне азначае, і як я ўдзячны кожнаму, як я ганаруся тым, што з’яўляюся часткай гэтай краіны», — кажа ён эмацыйна.

Аляксандр атрымлівае сотні паведамленняў пра Гары Потэра

Яшчэ ў 2022 годзе Нэлі зрабіла сабе татуіроўку з вядомай фразай з рамана, якой Северус Снэйп прызнаецца ў вернасці і вечным каханні маці Гары: «After all this time? — Always». Такая ж татуіроўка ёсць і ў Аляксандра.

«Гэтай фразай я тады сказала сабе, што буду чакаць Сашу столькі, колькі спатрэбіцца», — кажа Нэлі.

«Пасля ўсяго гэтага часу? — Заўсёды».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула