Украінскі вайсковы эксперт назваў малаймаверным наступ з Беларусі
Пагроза прамога наступу малаверагодная, аднак іншы сцэнар цалкам рэальны.
ТГ-канал «На западном рубеже»
Паўночная прыгранічная зона Украіны дастаткова добра ўмацаваная, таму маштабны наступ праціўніка малаверагодны, хаця ўдары па прыгранічных рэгіёнах або розныя дыверсійныя дзеянні з мэтай скоўвання ўкраінскіх сіл выключаць нельга, лічыць ваенны эксперт Павел Нарожны, піша LRT.
«Перш за ўсё, на гэтым участку, які знаходзіцца вельмі блізка да Кіева, ёсць дзве ракі. На адным адрэзку мяжа праходзіць на ўсход уздоўж Дняпра. На іншым участку, на захадзе, — уздоўж ракі Прыпяць, крыху на поўнач (…) Калі б на гэтым бліжэйшым участку праводзіўся наступ, прыйшлося б фарсіраваць раку. Фарсіраванне рэк — надзвычай складаная ваенная задача, звязаная з вялікімі стратамі», — сказаў ён.
Акрамя таго, паводле яго слоў, на поўначы Украіны шмат азёр, невялікіх рэк, балот і вельмі мала дарог.
«Усе гэтыя дарогі замініраваныя, там устаноўлены інжынерныя ўмацаванні (…) Таму проста прайсці праз гэтую тэрыторыю не атрымаецца. Уздоўж усёй мяжы пабудаваны даволі сур’ёзныя ўмацаванні», — падкрэсліў Нарожны.
На яго думку, пагроза прамога наступу малаверагодная, аднак іншы сцэнар — канцэнтрацыя войскаў — цалкам рэальны. Расія магла б размясціць каля 50—60 тысяч вайскоўцаў, і Украіна не змагла б ігнараваць такую сітуацыю.
«Нам давялося б перакідваць туды сілы з іншых участкаў фронту. Інакш кажучы, гэта проста звязала б нашы войскі. Яны б стаялі там, і мы б таксама стаялі там, у той час як актыўныя баявыя дзеянні маглі б ісці на іншых участках фронту», — патлумачыў эксперт.
Пры гэтым праціўнік мог бы прыбегнуць да абстрэлаў прыгранічных раёнаў, «каб Украіна была вымушана рэагаваць эвакуацыяй людзей, перакідкай паліцыі, тэхнікі і правядзеннем абарончых мерапрыемстваў», дадаў ён.
Паводле слоў Нарожнага, трэці сцэнар прадугледжвае выкарыстанне дыверсійна-разведвальных груп.
«Яны перасякаюць мяжу (…) там ёсць лясы і балоты, тэарэтычна яны могуць знайсці якое-небудзь слабое месца. Мы не змаглі б гэта ігнараваць. Гэта азначала б перакідку дадатковых сіл з іншых участкаў фронту і ўзмацненне падраздзяленняў, размешчаных там, што прывяло б да сур’ёзнага распылення арміі», — растлумачыў эксперт.
Ён таксама адзначыў, што яшчэ адзін верагодны сцэнар — уварванне параўнальна невялікіх падраздзяленняў праціўніка ў асобныя раёны.
«Яны маглі б накіраваць туды некалькі тысяч вайскоўцаў і пачаць баявыя дзеянні недалёка ад украінскай мяжы, і на гэта зноў давялося б рэагаваць. Мы разумеем, якое ў гэты час было б інфармацыйнае асяроддзе — сцвярджалася б, што «з Беларусі пачынаецца наступленне», бо яны хацелі б выклікаць паніку ў Кіеве і іншых украінскіх гарадах», — патлумачыў Нарожны і дадаў, што Расія цалкам лагічна спрабуе ўцягнуць Аляксандра Лукашэнку ў вайну. «Аднак пакуль мы бачым, што Лукашэнка супраціўляецца і робіць усё магчымае, каб гэтага не адбылося», — дадаў ён.