Фядута рэзка адказаў Калеснікавай: Нікога не цікавіць, за што вы змагаліся ў 2020 годзе
Палітычны аналітык і экс-палітвязень у сваім фэйсбуку строга адказаў Марыі, якая заявіла пра тое, што шэсць гадоў таму змагалася не супраць Лукашэнкі, а за людзей.
Фота: Белсат
«Дарагая Маша! Прабачце за рэзкасць, але нікога не цікавіць, за што Вы змагаліся ў 2020 годзе (магчыма, акрамя мядзведзяў з берлінскага заапарка, якія Вас атачаюць). Бо галасавалі не за вашы перакананні, музычны слых і чырвоную памаду. Сотні тысяч людзей выходзілі на пікеты, каб паставіць подпісы не «за», а «супраць». І галасавалі яны не «за», а «супраць».
Да гонару Святланы Ціханоўскай трэба сказаць, што яна гэта разумела тады і, здаецца, разумее цяпер.
Акрамя таго, прайшло пяць з паловай гадоў, вельмі насычаных. Ідзе Вялікая еўрапейская вайна, як бы і хто б гэта ні называў. І на фоне гэтай вайны Вы заклікаеце да дыялогу з агрэсарам, якога каментатары беларускіх медыя ў выгнанні сарамліва называюць «пры ўдзеле». Маша, паглядзіце ў люстэрка і проста падумайце пра ўсё гэта», — напісаў Аляксандр Фядута.
Чытайце таксама:
Калеснікава: У 2020‑м я змагалася не супраць Лукашэнкі, а за людзей, свабоду і свабодныя выбары