«Хрушчы лезуць у вокны і абляпляюць ліхтары». Навукоўцы патлумачылі іх нашэсце
Беларусы масава абмяркоўваюць у сацсетках хрушчоў — у некаторых раёнах іх настолькі шмат, што яны літаральна абляпляюць ліхтары, б'юцца ў вокны і збіраюцца пад пад'ездамі сотнямі.
Многія ўжо паспелі назваць тое, што адбываецца анамаліяй, аднак навукоўцы кажуць, што нічога незвычайнага ў гэтым няма.
У навукова-практычным цэнтры НАН Беларусі па біярэсурсах патлумачылі, што цяперашняе «нашэсце» звязана не з рэзкім ростам папуляцыі, а з так званай сінхроннасцю вылету жукоў, піша БелТА.
На тэрыторыі Беларусі жывуць два віды майскіх жукоў: заходні і ўсходні. Абодва вонкава вельмі падобныя і лічацца сур'ёзнымі шкоднікамі для маладых лясоў, пладовых дрэў і садовых культур.
Звычайна дарослыя жукі з'яўляюцца яшчэ ў канцы красавіка, а пік іх актыўнасці прыпадае на сярэдзіну мая. Асабліва актыўнымі яны становяцца цёплымі вечарамі і ноччу.
Пры гэтым колькасць хрушчоў цыклічная: прыкладна раз у 4‑5 гадоў назіраюцца перыяды асабліва высокай актыўнасці, пасля якіх папуляцыя зноў зніжаецца.
Але ў гэтым годзе сітуацыю ўзмацніла надвор'е. З-за халоднага красавіка і пачатку мая жукі не выляталі паступова, як звычайна, а з'явіліся амаль адначасова. А затым прыйшло рэзкае пацяпленне — і яны пачалі актыўна лётаць, ствараючы эфект сапраўднага «нашэсця».
У НПЦ па біярэсурсах падкрэсліваюць, што для прыроды гэта абсалютна нармальная з'ява. Больш за тое, у некаторых насякомых перапады колькасці бываюць куды больш сур'ёзнымі — у сотні і нават тысячы разоў. З хрушчамі такога не адбываецца.
Навукоўцы запэўніваюць, што перыяд масавай актыўнасці працягнецца нядоўга. Дарослыя асобіны жывуць усяго некалькі тыдняў, таму ўжо да сярэдзіны чэрвеня практычна знікнуць. На поўдні Беларусі гэта адбудзецца яшчэ раней.
Пры гэтым для людзей і хатніх жывёл хрушчы цалкам бяспечныя.
Больш за тое, спецыялісты нечакана адзначылі, што насякомых можна выкарыстоўваць нават з карысцю — напрыклад, нарыхтоўваць як бялковую дабаўку для хатняй птушкі або свіней. Самы просты спосаб збору — ноччу на свет. Пасля гэтага жукоў можна замарозіць, каб зімой дадаваць у корм жывёлам.
Дарэчы, масавае з'яўленне хрушчоў назіралі ў Мінску і ў 2023 годзе. Тады, па словах спецыялістаў, па раніцах пад ліхтарамі ў некаторых раёнах асфальт літаральна быў абсыпаны казуркамі.