БЕЛ Ł РУС

У Расіі забаранілі армянскі каньяк

23.05.2026 / 17:12

Nashaniva.com

У Расіі часова спынілі продаж шэрагу алкагольных напояў, вырабленых у Арменіі. Такое рашэнне прыняў Расспажыўнагляд пасля праверкі прадукцыі, якая знаходзілася ў абарачэнні на тэрыторыі краіны, піша The Moscow Times.

Фота: Wikimedia Commons

Як сцвярджае расійскае ведамства, у продажы была выяўлена армянская прадукцыя, якая не адпавядае абавязковым патрабаванням. У сувязі з гэтым распараджэннем было ўведзена абмежаванне: рэалізацыю гэтых тавараў спыняюць, а імпарцёрам і гандлёвым арганізацыям загадана зняць іх з продажу.

Пад абмежаванні трапіла прадукцыя трох буйных армянскіх вытворцаў — «ВЕДЗІ-АЛКА», Абавянскага каньячнага завода і вінна-каньячнага дома «Шахназаран». Сярод канкрэтных найменняў называюцца як віны, так і каньякі. Напрыклад, гэта чырвонае паўсалодкае віно «Гетап Вернашэн», белае сухое віно «Ведзі Алка» з лінейкі «Легенды ARNI», «армянскі каньяк 5 зорак», а таксама сямігадовы каньяк «Шахназаран ХО».

Пры гэтым Расспажыўнагляд не ўдакладніў, якія менавіта патрабаванні былі парушаныя — гаворыцца толькі, што прадукцыя не адпавядае нормам. Таму дакладныя прычыны — напрыклад, праблемы са складам, маркіроўкай або бяспекай — пакуль не раскрываюцца.

Гэта ўжо не першае падобнае рашэнне ў дачыненні да армянскіх тавараў за апошнія дні. Раней было поўнасцю забаронена ўвозіць і прадаваць у Расіі мінеральную ваду «Джэрмук». У тым выпадку прычына была канкрэтна названая: у вадзе нібыта выявілі перавышэнне дапушчальных узроўняў хімічных рэчываў, у тым ліку гідракарбанатаў, хларыдаў і сульфатаў. Таксама адзначалася, што недакладная інфармацыя пра лячэбныя ўласцівасці прадукцыі можа ўводзіць спажыўцоў у зман і нават шкодзіць здароўю. Таксама пад абмежаванні трапілі армянскія кветкі, у якіх таксама раптам неспадзявана знайшлі нейкую заразу. 

На гэтым фоне эксперты і СМІ звяртаюць увагу, што абмежаванні могуць быць звязаныя не з кантролем якасці, колькі і з агульным пагаршэннем адносін паміж Расіяй і Арменіяй. Апошнім часам паміж краінамі назіраецца напружанасць. Расійскі бок крытыкаваў армянскія ўлады за шэраг палітычных крокаў, у тым ліку за збліжэнне з Еўрапейскім саюзам і іншыя рашэнні, якія Масква лічыць недружалюбнымі.

Чытайце таксама:

У Расіі цалкам забаранілі армянскую мінералку «Джэрмук»

Раcія працягвае ціснуць на Арменію і словамі, і справамі

Турцыя аб'явіла пра адмену абмежаванняў на прамы гандаль з Арменіяй

«Мы абралі шлях дэмакратызацыі, яны — крыху іншы». У Арменіі адрэагавалі на ноту беларускага МЗС

Пашынян паскардзіўся кіраўніцтву ЕС на гібрыдныя пагрозы

Каментары да артыкула