БЕЛ Ł РУС

Ці трэба дапамагаць у эміграцыі палітвязням, якія былі ў зняволенні стукачамі? Дыскутавалі Буневіч і Луцкіна

23.05.2026 / 18:43

Nashaniva.com

«Ці можна было б адмовіцца [ад працы на адміністрацыю]? Так, можна. Але людзі бываюць розныя, бываюць слабыя людзі».

Алеся Буневіч. Фота: Офіс дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэхіі

На Кангрэсе па палітвязнях, які адбыўся днямі ў Вільні, былая палітзняволеная Алеся Буневіч, сузаснавальніца варшаўскага шэлтара «Прытуляй мяне», узняла дыскусію наконт таго, як ставіцца грамадству і супольнасці былых палітвязняў да былых стукачоў.

«Ёсць такія кейсы, што чалавек працаваў [на адміністрацыю калоніі]. Ён шкодзіў, канкрэтна шкодзіў іншым людзям. Яны збіраюць доказы, звяртаюцца да нас, каб мы, напрыклад, выселілі яго [з шэлтара]. Альбо паўплывалі на нейкія арганізацыі, якія аказваюць дапамогу. Не ведаю, наколькі гэта этычна — адмаўляць гэтым людзям у дапамозе…

Але ўсё ж такі павінна быць нейкая адказнасць за тое, што яны рабілі там. Таму што «працаваць» таксама можна па-рознаму.

Гэта вельмі тонкая мяжа. Таму што бывае, што ёсць доказы альбо сведчанні і за, і супраць, публічыць альбо не публічыць…

Мы не можам чалавеку адмовіць, бо ён мае права на гэтую дапамогу. Але вось з пункту гледжання міжасабовых нейкіх адносін, тут ужо вельмі складана», — патлумачыла Алеся Буневіч.

Ёй адказала былая палітзняволеная Ксенія Луцкіна.

Ксенія Луцкіна. Фота: Lookby.media

«Гэтая тэма «працаваў — не працаваў», «стучаў — не стучаў»… Мы з Марфай [Рабковай] актыўна яе абмяркоўваем. І абмяркоўвалі гэта ў калоніі. Ведаеце, вось гэта «стучаў», калі кляймілі чалавека. Гэта мярзотна.

Зараз [гэтыя] людзі выйшлі, яны маюць права на дапамогу і існаванне, і гэта не павінна быць перашкодай. Так, людзі бываюць слабыя, бываюць шкодныя. Калонія — гэта не самая прыемная рэч, і там не найлепшыя прыклады таго, што адбываецца з людзьмі псіхалагічна.

Ці можна было б адмовіцца [ад працы на адміністрацыю]? Так, можна. Але людзі бываюць розныя, бываюць слабыя людзі. І зараз адмаўляць у дапамозе насамрэч нельга. Ці з’яўляюцца [яны] ахвярамі? Так, безумоўна.

Потым усе архівы адкрыюцца. Адкрыюцца ўсе нашыя справы, адкрыюцца ўсе паказанні, якія былі дадзеныя на нас. Хто там, колькі… Напрыклад, у мяне шукалі паўмільёна даляраў ці еўра. Я ведаю, хто даў гэтыя паказанні. І гэта абавязкова калісьці адкрыецца.

Навошта зараз рабіць нейкія рахункі? Зараз людзі з гэтым жывуць. І пераносіць турму ў мірнае жыццё, мне здаецца, не трэба», — лічыць Луцкіна.

Алеся Буневіч — былая дырэктарка друкарні ў Вільні, фігурантка справы «рэйкавых партызан». Яе арыштавалі, калі яна прыехала з Літвы ў Беларусь на гадавіну смерці маці. Буневіч дапамагала людзям, якім пагражаў палітычны крымінальны пераслед, нелегальна пераходзіць мяжу. Цалкам адбыла прызначаны тэрмін, пасля вызвалення з'ехала да сям'і ў Еўрасаюз.

Ксенія Луцкіна — журналістка, былая супрацоўніца Белтэлерадыёкампаніі і стваральніца цыкла «Terra incognita». Да жніўня 2020 года працавала карэспандэнткай тэлеканала «Беларусь 2», пасля выбараў далучылася да страйку супрацоўнікаў холдынгу, звольнілася і ўвайшла ў асноўны склад Каардынацыйнай рады. Разам з іншымі журналістамі планавала стварыць альтэрнатыўнае тэлебачанне на YouTube — менавіта гэта ўлады паклалі ў аснову справы. Луцкіной прысудзілі 8 гадоў калоніі за «змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады» (ч. 1 арт. 357 КК). У зняволенні ў журналісткі, якая мае пухліну мозгу, пагоршылася здароўе; пазней яе вызвалілі па памілаванні і эвакуіравалі з Беларусі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула