БЕЛ Ł РУС

Расіяне масіравана атакавалі Кіеў і вобласць, у тым ліку «Арэшнікам» і дзясяткамі ракет

24.05.2026 / 08:20

Nashaniva.com

У ноч на 24 мая Расія здзейсніла маштабны абстрэл Кіева і вобласці — атакавалі дронамі, ракетамі, украінцы паведамляюць, што ў тым ліку «Арэшнікам». Удары выклікалі шматлікія пажары, разбурэнні жылых дамоў, цывільнай інфраструктуры. 

Гандлёвы цэнтр у Кіеве гарыць пасля расійскага ракетнага ўдару 24 мая 2026. Фота: AP Photo / Evgeniy Maloletka

Атака закранула практычна ўсе раёны сталіцы Украіны. На гэты момант вядома пра аднаго загінулага, шмат параненых. Колькасць ахвяр будзе расці па меры разбору руін.

Шаўчэнкаўскі раён. Адзін з найбольш пацярпелых раёнаў. Тут цалкам разбураны пад'езд 5-павярхоўкі, пажар ахапіў усе паверхі. У адным з 9‑павярховікаў зафіксавана пападанне паміж 8 і 9 паверхамі — менавіта там папярэдне загінуў чалавек. Таксама гарэлі школа, бізнэс-цэнтр, рынак і будынак музея Галоўнага ўпраўлення ДСНС.

Абалонскі раён Ратавальнікі тушаць пажар у 16‑павярховым хмарачосе на ўзроўні 12—13 паверхаў. Таксама гарыць будаўнічы гіпермаркет і яшчэ адзін жылы дом.

Дарніцкі раён. Загарэўся дах двухпавярховага інтэрната.

Дзяснянскі раён. Пашкоджаны гандлёвы цэнтр і супермаркет, боксы ў гаражным кааператыве.

Саламянскі раён. На ўзроўні 23 паверха 24‑павярховага дома зафіксаваны разбурэнні канструкцый і невялікі пажар. Таксама атакаваны склады ў прамзоне.

Пячэрскі раён. Пажар успыхнуў на 13 паверсе 20‑павярховай новабудоўлі.

Дніпроўскі і Святошынскі раёны. Пашкоджаны прыватны дом, гаражы і жылы 9-павярховік.

У Кіеўскай вобласці абломкі ракет і БПЛА выклікалі пажары і разбурэнні ў шасці раёнах.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула