Каля Белага дома адбылася перастрэлка, сакрэтная служба ліквідавала нападніка
У Вашынгтоне непадалёк ад комплексу Белага дома адбылася стральба. Паводле афіцыйнай інфармацыі Сакрэтнай службы ЗША, невядомы мужчына дастаў з сумкі зброю і адкрыў агонь у раёне скрыжавання 17‑й вуліцы і Пенсільванія-авеню.
Паліцыя і супрацоўнікі Сакрэтнай службы блакуюць вуліцы вакол Белага дома. Фота: AP Photo / Alex Brandon
Супрацоўнікі ведамства адказалі сустрэчным агнём і паранілі падазраванага. Нападніка даставілі ў бальніцу, дзе медыкі канстатавалі яго смерць.
Падчас інцыдэнту таксама цяжкае агнястрэльнае раненне атрымаў выпадковы мінак, які зараз знаходзіцца ў бальніцы. Сярод саміх агентаў Сакрэтнай службы пацярпелых няма.
У момант перастрэлкі прэзідэнт Дональд Трамп знаходзіўся ўнутры Белага дома. Тэрыторыю комплексу тэрмінова заблакавалі, а журналістаў, якія працавалі на Паўночнай лужынцы, эвакуіравалі ў залу для брыфінгаў, загадаўшы легчы на падлогу.
Відавочцы паведамляюць, што ўсяго прагучала ад 15 да 30 стрэлаў.
Праваахоўныя органы ўжо вызначылі асобу нападніка — ім аказаўся 21‑гадовы Насір Бэст, які апошнія паўтара года жыў у Вашынгтоне.
Высветлілася, што юнак ужо меў праблемы з Сакрэтнай службай. Летам мінулага года яго двойчы арыштоўвалі за спробы перакрыць і праехаць на машыне на дарогу да Белага дома, пасля чаго суд забараніў яму набліжацца да рэзідэнцыі прэзідэнта.
Следчыя выявілі, што Бэст публікаваў у сацсетках дзіўныя заявы, называючы сябе «сапраўдным Усамам бэн Ладэнам», і выказваў жаданне нашкодзіць Дональду Трампу, аднак раней ніколі не праяўляў фізічнай агрэсіі.
Гэты напад адбыўся менш чым праз месяц пасля іншага гучнага замаху на Трампа.
У канцы красавіка на вячэры Асацыяцыі карэспандэнтаў у гатэлі Washington Hilton 31‑гадовы Коўл Томас Ален адкрыў стральбу ў фае і быў абясшкоджаны аховай. Цяпер яму прад'яўлены абвінавачанні ў спробе забойства прэзідэнта ЗША.