БЕЛ Ł РУС

КДБ прыходзіў да родных яшчэ аднаго віцебскага актывіста. Правялі ператрус

24.05.2026 / 13:31

Nashaniva.com

Папярэдзілі, каб не ўдзельнічалі ў мерапрыемствах да Дня палітвязня. 

У Беларусі прайшла хваля ператрусаў у сваякоў грамадскіх актывістаў і праваабаронцаў, якія былі вымушаны з'ехаць за мяжу. Стала вядома, што 21 мая супрацоўнікі КДБ прыходзілі з вобшукам да родных віцебскага актывіста Дзмітрыя Карняенкі.

Пра гэты візіт і яго сапраўдныя прычыны актывіст напісаў на сваёй старонцы ў Facebook: «Афіцыйна — з нагоды святкавання Дня Волі. Неафіцыйна — каб у гэты дзень не выходзілі на жалобныя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню палітвязня».

Паводле слоў Карняенкі, падчас гэтага ператрусу сілавікі нічога не забралі.

Аднак ён адзначыў, што прадстаўнікі спецслужбаў прыходзяць да яго блізкіх у Беларусі «як на працу». Родныя падвяргаюцца пастаяннаму ціску: напрыклад, у бацькі Дзмітрыя ўжо двойчы прымусова бралі ўзор ДНК.

У Беларусі супраць самога Дзмітрыя Карняенкі распачата некалькі крымінальных спраў, а МУС унесла яго ў спісы ўдзельнікаў «экстрэмісцкіх фармаванняў» за дачыненне да праекта «Хрысціянская візія» і віцебскай ініцыятывы «Народны дэпутат».

Ператрус у сваякоў Карняенкі не быў адзінкавым выпадкам. 21 мая сілавікі зладзілі масавы рэйд па родных тых беларусаў, хто знаходзіцца ў эміграцыі і займаецца праваабарончай ці грамадскай дзейнасцю. Сярод іншага, вобшук прайшоў і ў сваякоў праваабаронцы Праваабарончага цэнтра «Вясна» Уладзіслава Лабковіча. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула