ЕС збіраецца узмацніць міжнародны ціск на Расію пасля ўдараў «Арэшнікам»
«Расія зайшла ў тупік на полі бою, таму тэрарызуе Украіну наўмыснымі ўдарамі па цэнтрах гарадоў».
Кая Калас. Фота: Beata Zawrzel / NurPhoto via Getty Images
Кіраўніца еўрапейскай дыпламатыі Кая Калас рэзка адрэагавала на чарговы масіраваны ўдар Расіі па гарадах Украіны, уключаючы прымяненне балістычнай ракеты сярэдняй далёкасці «Арэшнік». Пра гэта яна напісала ў сацыяльнай сетцы X.
Паводле слоў Калас, Масква пайшла на гэты крок з-за няўдач на фронце:
«Расія зайшла ў тупік на полі бою, таму тэрарызуе Украіну наўмыснымі ўдарамі па цэнтрах гарадоў».
Палітык падкрэсліла, што такія атакі накіраваны менавіта супраць мірнага насельніцтва, і назвала іх «агіднымі актамі тэрору, закліканымі знішчыць як мага больш мірных жыхароў».
Асобную ўвагу Кая Калас звярнула на выкарыстанне расійскімі войскамі найноўшага ракетнага комплексу:
«Паведамленні аб выкарыстанні Масквой балістычных ракет сярэдняй далёкасці «Арэшнік» — сістэм, прызначаных для пераносу ядзерных боегаловак, — гэта тактыка палітычнага запалохвання і неразважлівае ядзернае балансаванне на мяжы».
Кіраўніца дыпламатыі ЕС таксама анансавала сур'ёзны адказ з боку еўрапейскіх краін. Яна паведаміла, што на наступным тыдні міністры замежных спраў краін Еўрасаюза збяруцца разам, каб абмеркаваць, «як узмацніць міжнародны ціск на Расію».