БЕЛ Ł РУС

Букмекеры, «наша кава» ў «Мак.бай» і ваяўнічыя літоўцы. Паглядзелі новае гумарыстычнае шоу ад СТБ

25.05.2026 / 14:39

Сафія Смірніцкая

Стваральнікі новага «ДХ Шоу», што на СТБ, абяцаюць нечаканы гумар. Мы паглядзелі першы выпуск і расказваем, што атрымалася.

Скрын: ДХ Шоу / YouTube

За перадачай «ДХ Шоу» стаяць людзі, якія не першы год на тэлебачанні. Гэта праект магілёўскай каманды КВЗ «Доктар Хаўс». Створаная ў магілёўскай школе ў 2008-м, каманда ў 2020‑м дабралася да вышэйшай лігі КВЗ, а ў 2022‑м яе выйграла.

Тады магілёўскіх хлопцаў і пацягнула ў тэлевізійныя праекты. У 2023‑м яны прыйшлі ў шоу «Канцэрты» на ТНТ. У тым жа годзе капітан каманды Павел Малахаў і адзін з аўтараў, Антон Лапышаў, далучыліся да каманды Comedy Club Production і пачалі пісаць жарты для шоу «Аднойчы ў Расіі» на тым жа ТНТ. Яны таксама здымаюцца ў гумарыстычным шоу «Каманды» на расійскім Першым канале.

Цяпер магілёўскія квзшнікі ўзялі на сябе задачу зняць, паводле іх словаў, першае беларускае гумарыстычнае шоу — хаця, вядома, гумарыстычныя праекты рабілі і раней.

Першы выпуск «ДХ Шоу» выйшаў на СТБ увечары 23‑га мая. На сцэне — хлопцы з «Доктар Хаўс», у залі — беларускія селебрыці: кампазітар Валер Шмат з праўладнага арт-гурта «Беларусы», блогер Аркадзь Логвін і ягоны больш вядомы калега Какабай. У першых шэрагах — Сярога, прыйшоў таксама кіраўнік СТБ Аляксандр Асенка.

Пачыналі з абмеркавання навінаў. Павел Малахаў, капітан «Доктар Хаўс» і адначасова вядучы праекта, расказаў, што ў Беларусі з’явілася марожанае з соллю, якое мусіць зацікавіць ласёў, а таксама павіншаваў Арыну Сабаленку з тытулам спартоўкі года па версіі прэміі Laureus World Sports Awards. Як кажа Малахаў, калі б Сабаленка яшчэ і нарадзіла траіх, стала б чалавекам года Міншчыны.

Яшчэ адна навіна ад вядучых — астранаўты сфатаграфавалі зваротны бок Месяца ва ўнікальным ракурсе. Па версіі «ДХ Шоу», ён выглядае вось так:

Скрын: ДХ Шоу / YouTube

Букмекераў і іх рэкламу ўспаміналі і ў іншым эпізодзе шоу. Яго аўтары зладзілі сцэнку з фуд-корта: маўляў, некалькі хлопцаў збіраюцца там і абмяркоўваюць, на чым можна хутка зарабіць. Сярод варыянтаў — адкрыць букмекерскую кантору або прымаць стаўкі на тое, колькі бліжэйшым часам адкрыецца ў нас букмекерскіх кантор.

Яшчэ дзеля хуткіх грошай у сцэнцы прапанавалі адкрыць кавярню ля рэстарана «Мак.бай» і прадаваць там амерыкана. Як вядома, у самім «Мак.бай» замест амерыкана цяпер прадаюць той жа напой, але пад назвай «наша кава» — усё праз загад Лукашэнкі.

Таксама ў шоу ўключылі сцэнку пра тое, як літоўскія памежнікі абмяркоўваюць беларусаў. Маўляў, адзін з іх шмат часу назіраў за беларускай мяжой і цяпер расказвае кіраўніку, чаго ж чакаць ад суседзяў.

Выглядала гэта брыдка. І справа не толькі ў тым, што гумарысты чамусьці вырашылі спарадыраваць балтыйскі акцэнт у тым выглядзе, у якім яны яго сябе ўяўляюць.

Хлопцы з «Доктар Хаўс» пабудавалі той эпізод з пункту гледжання наратыву, што паміж літоўцамі і беларусамі ёсць варожасць. Зразумела, што і з прапагандысцкіх наратываў можна жартаваць, але ж важна мець пачуццё меры:

«Навошта гэтыя беларусы на сваёй АЭС будуюць трэці рэактар, калі мы спужаліся пасля першых двух? Божа мой! А што беларусы зрабілі з нашай першай сталіцай, што з Навагрудкам? Яны яго адрамантавалі?»

Скрын: ДХ Шоу / YouTube

Былі ў шоу некалькі хвілін імправізацыі, і гэта было нашмат лепш, чым напісаныя раней (а то і зацверджаныя) жарты. Гэта быў урывак, калі вядучыя прапанавалі гасцям самім дзяліцца навінамі, а потым іх каментавалі.

Адна з навінаў была пра дадатак для пажылых людзей, у якім тыя мусяць двойчы на дзень адзначаць, што з імі ўсё добра, і адзін з вядучых парыраваў на гэта — маўляў, ёсць яшчэ адна тэма, дзе трэба адзначацца двойчы на дзень, называецца РУУС. Гледачы жарт ацанілі.

У шоу прысвяцілі сілавікам асобную сцэнку пад назвай «Працоўны дзень у Следчым камітэце». Паводле сюжэту, у той камітэт прыходзіць 67‑гадовая жанчына, але замест таго, каб вырашыць яе праблемы, следчыя запісваюць тыктокі. Абыгралі і яе ўзрост праз мем «6-7».

Стваральнікі шоу выдзялілі час на жарты пра Беларусь, створаныя нейрасеткамі, і адкрыта пра гэта сказалі наведнікам. Акрамя гэтага, вырашылі абыграць прысутнасць на шоу блогера Какабая, які апошнім часам робіць пасты з экстравагантнымі варыянтамі кавы — напрыклад, курачына (кава, пададзеная ў курыцы грыль).

У Какабая спыталі, чаму ён называе сябе мярзотным толькі ў тэлеграме, а не ў іншых сацсетках. А потым прапанавалі яму на смак адрозніць кока-колу ад бела-колы і рагачоўскую згушчонку ад глыбоцкай.

Скрын: ДХ Шоу / YouTube

Было яшчэ два бляклыя нумары, пра якія шмат і не скажаш. Першы з іх — нарада на прадпрыемстве, дзе трэба некага скарачаць, але амаль усе менеджары — сваякі і таму так проста ад іх не адкруціцца. Але адзначым добры жарт пра кар'ерыста, які так хацеў прабіцца ўверх, што падпісаўся на Азаронка.

Таксама ў шоу паставілі стэндап падлетка пра жыццё дзіця ў вёсцы. І прыдумалі прафесію калбасье — маўляў, у Беларусі з прадуктамі так добра, што без калбасье ды малакасье расійскім турыстам не зразумець, што варта прывезці дахаты.

Ва ўсім гэтым багацці жартаў пра букмекераў, Сабаленку і ежу не знайшлося, на жаль, месца жартам на роднай мове. І гэта было заўважна яшчэ гледачам у залі — на тое, што варта было б жартаваць і па-беларуску, гумарыстам указаў Валер Шмат.

Манеўруючы паміж актуальнымі тэмамі і небяспекай, што напаткае ў Беларусі здольных смела выказвацца, хлопцы з «ДХ Шоу» рызыкуюць так і не развіць праект.

Чытайце таксама:

У рэстаране «Мак.бай» на загад Лукашэнкі перайменавалі амерыкана. Як назвалі?

Расіяне і беларусы знялі кіно пра дранікі з мукой — там жа былі Какабай і зорка «Чабурашкі»

А вы ведалі, што ў Мінску працуе «Донер Трамп»? Што там прапануюць?

Каментары да артыкула