БЕЛ Ł РУС

«Было толькі $1000»: гэтыя мінчукі купілі кватэру амаль без ашчаджэнняў

25.05.2026 / 09:38

Nashaniva.com

Кватэрнае пытанне — балючая тэма для многіх мінчан. Як накапіць на сваё жыллё, калі жывеш на здымным? У некаторых ёсць свой сакрэт, якім яны гатовы падзяліцца.

Фото: mastersenaiper / Pixabay.com

Купіць уласнае жыллё — мара мільёнаў беларусаў. Для многіх — амаль недасяжная або якая патрабуе сур’ёзных абмежаванняў і эканоміі. Асабліва для тых, хто хоча ўладкавацца ў Мінску. Што рабіць, калі спадчына не дасталася, заробкі не дазваляюць адкладаць або ўзяць крэдыт, а арэнднае жыллё і так з’ядае палову заробку?

«Точка» знайшла дзве рэальныя гісторыі нечаканых пакупак кватэр у сталіцы — без ашчадку і вялікіх першапачатковых унёскаў. Сваё жыллёвае пытанне гэтыя цяпер ужо мінчанкі вырашалі пару гадоў таму, калі ўмовы крэдытавання і сітуацыя на рынку былі іншымі, але ўсё адно па-свойму няпростымі.

«Думала, усё жыццё пражыву ў здымнай кватэры»

Лілія пераехала з райцэнтра ў Мінск у 18 гадоў, калі паступіла ва ўніверсітэт. Цяпер ёй 33, ужо 4 гады яна жыве ў сваёй «аднапакаёўцы».

«Амаль усё жыццё жыла ў арэндных кватэрах ці інтэрнатах, з самага дзяцінства і да свайго 13-годдзя, а потым зноў інтэрнаты, здымнае жыллё, але ўжо ў Мінску. Мне заўсёды так хацелася мець свой уласны куток і не жыць на птушыных правах. Хто здымаў кватэру, той добра зразумее, пра што я», — пачынае свой аповед Лілія.

Дзяўчына кажа, што адразу пасля вучобы нядрэнна зарабляла:

«Але арэнднае жыллё забірала добрую частку даходаў. Плюс ты малады, толькі стаў самастойным, са сваім заробкам: хацелася і падарожнічаць, і недзе адпачыць, і проста штосьці купіць. Таму пастаянна разрывала паміж ашчадкам: на падарожжы ці на жыллё».

Сярэдні даход дзяўчыны тады складаў каля $1200 за месяц (па курсе 2016—2018 гадоў). І нават такога адносна нядрэннага заробку, на думку банкаў, было недастаткова, каб узяць добрую суму крэдыту. Давалі дабро недзе на палову кошту самай простай «аднапакаёўкі».

«Карацей, так і жыла. То назапашвала на кватэру, то траціла ўсё на падарожжы. На жыллё з такім банкаўскім раскладам трэба было адкласці хаця б $20 000. Гэта было нерэальна», — кажа Лілія.

Фота: lookby.media

Проста так пайшла глядзець кватэру

Пры гэтым Лілія ўсе гэтыя гады пастаянна сачыла за аб’явамі на рынку нерухомасці, працэнтнымі стаўкамі. Але аднойчы вырашыла зрабіць крыху больш, чым проста разлічыць верагоднасць пакупкі кватэры, то-бок пайсці на прагляд.

Грошай у яе практычна не было — толькі $1000.

«Дакладна так жа «проста так» я вырашыла чарговы раз палічыць усё на крэдытным калькулятары. Потым проста так запісалася на кансультацыю ў банк. А потым стала думаць, як мне зрабіць так, каб мне ўхвалілі крэдыт», — расказвае дзяўчына.

Працэнтная стаўка на той момант была не самай прывабнай — нешта каля 22% гадавых. Затое кватэра недарагая, прасілі $38 500.

Атрымлівала дзяўчына па курсе таго часу каля $880. Быццам бы і нядрэнна. Банк быў гатовы даць нават 100‑адсоткавую вартасць жылля. Але заробак пры гэтым павінен быў быць нейкім нерэальным па беларускіх мерках.

«Мне налічылі, што я павінна атрымліваць каля 3800 рублёў у месяц, а ў мяне было 2200 рублёў. Але калі б на той час у мяне быў такі заробак, то наўрад ці мне спатрэбіўся б крэдыт», — смяецца Лілія.

Дзяўчына палічыла: максімум, які яна гатовая аддаваць на крэдыт са свайго заробку, — 1600 рублёў.

«Я павінна была б моцна абмежаваць сябе, працягваць хапацца за падпрацоўкі, але агулам неяк выкруцілася б. Тады ад банка я ўзяла б $32 000 па курсе. Я адважылася».

Як узяць крэдыт, калі…

Варыянтаў было некалькі: улічыць сумесны даход з яе мамай, якая жыве ў іншым горадзе. Набег бы амаль патрэбны для ўхвалення штомесячны даход.

Дзяўчына выбрала іншае: яна сышла ў адпачынак, потым атрымала 13‑ы заробак. У выніку яе сярэднямесячны даход у даведцы быў вельмі прывабным.

«Мне з лішкам далі б і ўсю суму, але я яшчэ разлічвала свае сілы. І плацеж, які выйшаў у выніку, — 1750 рублёў на месяц. Гэта было 80% майго заробку. Успамінаю і ў шоку ад сябе: як жа я тады адважылася?» — смяецца Лілія.

Яна да гэтага часу ў падрабязнасцях памятае, як чакала ўхвалення крэдыту ад банка, як сачыла за розніцай курсаў і як у выніку шукала суму, якой неставала.

«Я пазычыла $1000 у аднаго знаёмага і $2000 у іншага з аддачай за 1—2 гады. То-бок мне трэба было яшчэ нешта адкладаць пасля плацяжу за крэдыт. Мама дала тысячу. У выніку крэдыт у мяне быў недзе на $33 000. Праз розніцу курсаў прыйшлося тэрмінова шукаць яшчэ тысячу — нерваў было шмат».

«Плачу́ нямала, але за сваё»

У студзені 2022 года яна атрымала ключы ад сваёй кватэры. Трэба было зрабіць мінімальны рамонт за два тыдні, каб з’ехаць са здымнага жылля.

«Грошай не было. Я думала жыць з голымі сценамі. Але мае сябры скінуліся, купілі мне шпалеры і паклеілі. Потым нехта даў кухню. Уся бытавая тэхніка і амаль уся мэбля ў мяне былі — здымала пустую кватэру да гэтага. Так і пераехала ў суседні дом», — успамінае Лілія.

Яна прызнаецца: калі ўнесла свой першы плацёж па крэдыце, не ведала, як ёй жыць далей. Але ўсё неяк само сабой стала наладжвацца.

«Мне паднялі заробак, на крыху, але ў мяне хаця б на руках ужо заставалася на 300 рублёў больш. А потым мне адразу падвярнулася вельмі добрая падпрацоўка — гэта была ўжо прыстойная сума. Гэта я ўсё да чаго: калі чагосьці вельмі моцна хочаш, табе як быццам дапамагае ўсё ў гэтым свеце», — усміхаецца Лілія.

А далей было яшчэ некалькі шчаслівых момантаў: стаўка рэфінансавання ў 2023 годзе падала раз за разам. Зараз на крэдыт яна аддае 44% ад свайго асноўнага заробку (з 2600 рублёў).

«Цяпер мой плацёж — каля 1150 рублёў на месяц. І ён паступова падае, але зусім па крысе. Але амаль столькі ж плацяць мае сябры, здымаючы зараз «аднапакаёўку» ў Мінску. А я плачу за сваё. Плюс я ведаю, як абясцэньваецца крэдыт з гадамі: у мяне ёсць прыклады маёй мамы, якая зараз плаціць усяго 9 рублёў, і многіх іншых знаёмых», — не падае духам Лілія.

Пры гэтым яна прызнаецца: за гэтыя чатыры гады ёй прыйшлося абмежаваць сябе ў галоўным — у падарожжах. Упершыню яна паехала недзе адпачыць толькі ў мінулым годзе, вельмі бюджэтна.

«А так я б не сказала, што я моцна ў нечым сябе абмежавала і ва ўсім сабе адмаўляла. Не, усё ў межах разумнага, але, вядома, не так, як раней. Я дазваляю сабе «лішак» часам. Але пры гэтым у мяне заўсёды былі падпрацоўкі, каб жыць больш-менш нармальна», — кажа Лілія.

Яшчэ адзін мінус — у беларускі зараз практычна не атрымліваецца што-небудзь адкласці. Наперадзе яшчэ адна мара — зрабіць рамонт пад сябе.

«І я ўжо чатыры гады адкладаю гэты момант, дакладна так жа думаючы, што рамонт з такім крэдытам зрабіць нерэальна. А цяпер я зноў акунулася ў вір з галавой — заказала праект у дызайнера, на які ў мяне няма грошай. Пару месяцаў ёсць у запасе, каб адкласці $1000. Працэс запушчаны», — смяецца Лілія.

Галоўны пасыл дзяўчыны ва ўсім гэтым — не варта баяцца.

«Калі ты ўжо ўвязаўся ў гэтую сумнеўную справу, усё пачне складвацца патрэбным чынам. Знойдуцца і грошы, і магчымасці іх зарабіць, і нейкія нават, здавалася б, неверагодныя рэчы, якія будуць дапамагаць табе на гэтым шляху», — рэзюмуе дзяўчына.

Да таго ж, дадае яна, сваю справу робіць і інфляцыя: сума паступова становіцца меншай, цяжка толькі першыя два-тры гады. А яе кватэра зараз у цане вельмі вырасла і каштуе цяпер каля $70 000. Крэдыт жа ў банку ў пераліку на долары, наадварот, паменшыўся.

Два крэдыты і першая «аднапакаёўка»

Таццяна пераехала ў Мінск у 2014-м. Праз чатыры гады яна купіла сваю кватэру — таксама без нармальных ашчаджэнняў.

«Жылі спачатку тры гады з бацькамі мужа ў Ждановічах. Адносіны ў нас цудоўныя, але ўсё адно хацелася чагосьці свайго. Якіх-небудзь сваіх грошай асабліва не было: купілі машыну пасля вяселля, у заначцы пару тысяч. Гэтага вельмі моцна не хапала для першапачатковага ўнёску», — успамінае Таццяна.

Але на працы ў дзяўчыны для супрацоўнікаў была вельмі прыемная «фішка»: працадаўца гатовы быў выдаць крэдыт пад вельмі нізкі працэнт — усяго 5% гадавых на 20 гадоў.

«Мне ўхвалілі 25% ад кошту жылля — гэтая сума стала нашым першапачатковым унёскам. Штомесячная плата — усяго 180 рублёў», — падлічвае Таццяна.

«Аднапакаёўка», якая спадабалася, у 2018‑м каштавала $54 000. Астатнюю суму сям’я ўзяла ў іншым банку, ужо на агульных умовах. У выніку сваё жыллё яны купілі без першапачатковага ўнёску.

«Сукупнага даходу ў нас не хапала: бралі яшчэ ў разлік заробкі свёкраў, яны ж былі паручыцелямі. У выніку ў нас атрымаўся яшчэ адзін плацеж на месяц — 1300 рублёў. Скажу шчыра, першы час мы не спраўляліся і нам вельмі дапамагалі бацькі мужа — ледзь не палову сумы закрывалі яны», — прызнаецца Таццяна.

Менавіта таму толькі што куплёную кватэру было вырашана здаваць — атрымлівалася нешта аддаваць за крэдыт. Так працягвалася недзе паўгода, а сям’і так хацелася пераехаць у сваю кватэру.

«Вырашылі, пераехалі, хоць думалі, што пару гадоў будзем здаваць, пакуль не станем на ногі. Паступова рабілі рамонт, бралі нейкія растэрміноўкі на бытавую тэхніку. Самыя цяжкія былі першыя тры гады. А потым у апошнія месяцы «галоўны» крэдыт знізіўся да 900 рублёў. Муж звольніўся і стаў працаваць на сябе. З’явіліся грошы», — кажа дзяўчына.

Цяпер купілі дарагую «двухпакаёўку»

У планах была пакупка кватэры большай — дзіця ўжо падрастала, у «аднапакаёўцы» станавілася цеснавата. У мінулым годзе вырашылі пашырацца. Але вельмі хацелася пакінуць сваю першую кватэрку, у якую ўклалі ўсю душу.

«Я памятаю, як мы гулялі па крамах і ўбачылі карціны, якія б ідэальна ўпісаліся над нашай канапай. Грошай наогул не было: выскраблі да апошняй капейкі. Затое якое шчасце было! Карацей, мы вельмі хацелі пакінуць гэтую кватэру», — распавядае Таццяна.

Перад пакупкай новага жылля датэрмінова пагасілі свой асноўны крэдыт. Застаўся толькі адзіны плацеж на 180 рублёў. І зноў вырашылі ўзяць новы.

«На працы ўжо не атрымалася ўзяць выгадны крэдыт. Бралі звычайны. Таму нам усё ж такі прыйшлося прадаць нашу першую кватэру, каб дадаць грошай. Выручылі нядрэнную суму — $91 000», — падлічвае дзяўчына.

Спадабалася двухпакаёвая ў Ратамцы — нятанная, $146 000. Але пасля выгаднага продажу кватэры ў пары нават засталася прыстойная сума грошай, якую вырашылі не пускаць на закрыццё крэдыту.

«Укладвацца ў кватэру не прыйшлося, яна была цалкам з мэбляй і бытавой тэхнікай. Сваю мы таксама прадавалі так сама. Нават з тымі нашымі карцінамі», — сумна ўсміхаецца Таццяна.

Зараз штомесячны плацеж за «галоўны» крэдыт — 1960 рублёў. Плюс тыя ж 180 рублёў ад папярэдняга крэдыту. Пара кажа, што для іх зараз гэта наогул не адчувальная сума.

«Для нас зараз гэта наогул лёгка, можна сказаць, мы не заўважаем гэтую суму. Можа, нават трэба было браць адразу «трохпакаёўку», але тады прыйшлося б ужо абмяжоўваць сябе. Так што гэтая кватэра ў нас не апошняя, праз пару гадоў хочам узяць пабольш», — кажа Таццяна.

У наступным годзе сям’я паставіла сабе чарговую мэту — купіць аднапакаёвую кватэру. Можа, самую простую, адмыслова пад здачу. А праз пару гадоў, з дапамогай падобнай схемы крэдытавання, але ўжо са сваімі ашчаджэннямі, змяніць сваю кватэру на трохпакаёвую.

«Так, спачатку было цяжка. Але ўсё ў выніку склалася выдатна: хто ведае, ці адкрылі б мы сваю маленькую справу, калі б не ўсё гэта? А цяпер вось ужо ставім зусім сур’ёзныя мэты. Мая парада — не трэба чакаць ідэальнага моманту. Ён ніколі не наступіць», — лічыць Таццяна.

І ўпэўненая: трэба не пабаяцца зрабіць вось гэты самы страшны першы крок. І тады ўсё складзецца так, што пра гэта потым вы дакладна шкадаваць не будзеце.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула