БЕЛ Ł РУС

Рэжысёрка фільма пра «СВА» звалілася з моста ў Асеціі і загінула

25.05.2026 / 10:29

Nashaniva.com

Муж Ганны Тыц — паляк, які загінуў на вайне супраць Украіны. А яе самую выгналі з Польшчы за шпіянаж.

Ежы Тыц, ягоная жонка Ганна Захаран і амбасадар РФ у Польшчы Сяргей Андрэеў

У самаабвешчанай Паўднёвай Асеціі ратавальнікі знайшлі цела 52‑гадовай грамадзянкі РФ Ганны Тыц (Захаран). 21 мая яна ўпала ў горную раку. Толькі праз тры дні яе цела выявілі за 35 кіламетраў ад месца здарэння.

Ганна Тыц прыбыла ў рэгіён у складзе здымачнай групы. Там яна прэзентавала свой дакументальны фільм пра мясцовых жыхароў — удзельнікаў расійскай агрэсіі супраць Украіны.

Трагедыя адбылася ўночы 21 мая. Ганна Тыц разам з калегам знаходзілася на падвесным мосце. Мужчына ў якасці жарту моцна разгайдаў канструкцыю — яны абое сарваліся ў ваду. Мужчыну ўдалося выратаваць, а жанчыну панесла імклівай горнай плынню.

У пошукавай аперацыі ўдзельнічалі больш за 200 чалавек, выкарыстоўвалі БПЛА. Толькі праз тры дні цела ўдалося вылавіць.

Ганна пайшла з жыцця вельмі хутка пасля свайго мужа. 

Яна была замужам за палякам Ежы Тыцам — той муж загінуў у мінулым годзе, ваюючы на баку РФ супраць Украіны.

Ежы Тыц польскі — прарасійскі актывіст і былы вайсковец. Быў заснавальнікам таварыства «Курск», якое займалася захаваннем і аднаўленнем савецкіх помнікаў і вайсковых могілак у Польшчы.

Пачынаючы з 2016 года Тыц рэгулярна ездзіў у Маскву, з ім асабіста сустракалася Марыя Захарава, афіцыйная прадстаўніца Міністэрства замежных спраў Расіі. Ён рэгулярна з’яўляўся ў прапагандысцкіх расійскіх СМІ.

Тэлежурналістка Захаран пазнаёмілася з будучым мужам у 2016 годзе, калі звярнулася да Тыца па дапамогу ў пошуку магілы яе дзядулі, які знік без вестак пасля баёў у Польшчы падчас Другой сусветнай вайны. Пасля гэтага паміж імі завязаліся блізкія стасункі.

У 2018 годзе Ганну, якая на той момант ужо была жонкай Тыца, затрымала Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы паводле абвінавачання ў пагрозе бяспецы краіны і «арганізацыі шпіёнскай дзейнасці». Яе дэпартавалі.

Тыц за жонкаю пераехаў у Расію. Там ён уступіў у Расійскае гістарычнае таварыства, абвінавачваў польскія ўлады ў «спробах фальсіфікацыі гісторыі», супрацоўнічаў з прапагандаю. 

У 2025 годзе ўступіў у расійскае войска добраахвотнікам, каб ваяваць супраць Украіны.

Паваяваў ён зусім мала. 

Паводле звестак аднаго з расійскіх тэлеграм-каналаў, Тыц знік на ўсходзе Украіны ў чэрвені 2025 года, а яго рэшткі былі знойдзены ў верасні.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула