«Сітуацыя значна больш сур’ёзная». Хакеры ў Літве скралі каля 600 тысяч запісаў, у тым ліку літоўскіх разведчыкаў
Выцек даных з Цэнтра рэгістраў Літвы наўпрост пагражае нацыянальнай бяспецы краіны, паколькі закранае супрацоўнікаў спецслужбаў, заявіў лідар літоўскіх кансерватараў Лаўрынас Кашчунас. Палітык падазрае, што за гэтым стаіць маштабная разведвальная аперацыя РФ.
Лаўрынас Кашчунас. Фота: Белсат
Генеральная пракуратура Літвы зараз расследуе кражу каля 600 тысяч запісаў. Паводле звестак ведамства, незаконныя падключэнні да сістэмы адбываліся з-за мяжы.
«Праз недахоп інфармацыі ў грамадскай прасторы магло скласціся ўражанне, што гэта маштабнае кіберзлачынства, але напраўду сітуацыя значна больш сур'ёзная і нясе пагрозу нацыянальнай бяспецы Літвы — падазраецца, што гэта выведвальная аперацыя Расейскай Федэрацыі», — напісаў палітык у Facebook.
«Падчас яе, магчыма, былі скрадзеныя звесткі дзяржаўных рэестраў аб службовых асобах літоўскай выведкі, афіцэрах, асобных палітыках і дзяржслужачых, а таксама іншых фізічных і юрыдычных асобах», — дадаў ён.
Між тым, адрасы дамоў, сядзіб і іншай нерухомасці разведчыкаў, афіцэраў, дыпламатаў або палітыкаў лічацца канфідэнцыйнай інфармацыяй, паколькі могуць стварыць умовы для сачэння, ціску ці нават пагрозы фізічнай бяспекі.
«Маючы дакладны адрас, можна адсочваць распарадак дня чалавека — калі ён сыходзіць або вяртаецца дадому, хто яго наведвае, якія яго звычкі або маршруты перамяшчэння. Таксама можа весціся фізічнае назіранне побач з месцам жыхарства для выяўлення сеткі кантактаў, уразлівых месцаў або, у некаторых выпадках, для ўстаноўкі тэхнічных сродкаў назірання, такіх як камеры або абсталяванне для перахопу сігналаў», — адзначыў кіраўнік партыі «Саюз Айчыны — літоўскія хрысціянскія дэмакраты».
Акрамя таго, на аснове дадзеных рэестраў, інфармацыі пра сям'ю, нерухомасці, школах або сацыяльных сувязях можна скласці падрабязныя профілі асобы.
«У некаторых выпадках адрасы выкарыстоўваюцца для вярбоўкі або ціску — з мэтай выяўлення фінансавых цяжкасцяў, уразлівых месцаў сям'і або асабістых звычак, а таксама для ўскоснага доступу да чалавека праз суседзяў, пастаўшчыкоў паслуг або знаёмых», — сказаў Кашчунас.
Пракуратура не называе ні краіну, з якой было арганізавана падключэнне, ні ўстановы, чые ўліковыя запісы былі выкарыстаныя. Кіраўнік Цэнтра рэгістраў таксама заявіў, што не можа раскрыць гэтую інфармацыю, піша LRT.