Іран нібыта гатовы вывезці свой узбагачаны ўран. Але толькі ў Кітай
Паводле паведамленняў арабскіх СМІ, Іран заявіў пра гатоўнасць вывезці свае запасы высокаўзбагачанага ўрану, але пры ўмове, што яны будуць перададзеныя на захоўванне ў Кітай.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: Morteza Nikoubazl / NurPhoto via Getty Images
Як сцвярджаюць крыніцы выданняў Al Arabiya і Al Hadath, Тэгеран гатовы пайсці на гэты крок у рамках магчымай дамовы з ЗША, аднак хоча атрымаць гарантыі ад Пекіна перад падпісаннем пагаднення.
Раней паведамлялася, што пытанне лёсу іранскага ўзбагачанага ўрану будзе абмяркоўвацца ў перамовах з ЗША на працягу найбліжэйшых 30—60 дзён. Пры гэтым амерыканскі бок настойвае на поўнай адмове Ірана ад гэтых запасаў, але канкрэтны механізм пакуль яшчэ не ўзгоднены.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп выступае за тое, каб ядзерныя матэрыялы аказаліся пад надзейным кантролем, і нават разглядае жорсткія сцэнары, у тым ліку магчымасць выкарыстання спецпадраздзяленняў для іх выяўлення.
Раней Расія прапаноўвала прыняць іранскі ўран на захоўванне або перапрацоўку, але ЗША не падтрымалі гэтую ідэю, падкрэсліўшы, што галоўнае — гарантаваць поўны кантроль над матэрыяламі.
Паводле ацэнак МАГАТЭ, Іран мае каля 440 кг урану, узбагачанага да 60%. Тэарэтычна гэтага можа хапіць для стварэння больш як дзесяці ядзерных зарадаў, што робіць гэтае пытанне ключавым у перамовах.
Па стане на гэты момант паміж Іранам, ЗША і Ізраілем дзейнічае перамір’е. Паводле інфармацыі СМІ, бакі наблізіліся да дамоўленасці: ужо абмяркоўваецца праект пагаднення, які можа падоўжыць рэжым спынення агню на 60 дзён і стаць крокам да канчатковага ўрэгулявання канфлікту.
Чытайце таксама:
Трамп зноў прыгразіў Ірану магутнымі ўдарамі, калі рэспубліка не заключыць здзелку
Рубіа: Здзелка з Іранам можа быць дасягнута сёння
ЗША і Іран дамовіліся аб адкрыцці Армузскага праліва
Трамп анансаваў гістарычную здзелку з Іранам, пасля запосціў правакацыйны нейрасеткавы малюнак