БЕЛ Ł РУС

МЗС Літвы пацвердзіла, што краіна абмяркоўвае з ЗША пытанне беларускіх калійных угнаенняў

26.05.2026 / 10:24

Nashaniva.com

Міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс заявіў публічна ў эфіры LRT, што Вільня вядзе дыялог з Вашынгтонам наконт транзіту беларускіх калійных угнаенняў. 

Кястуціс Будрыс. Фота: AP Photo / Mindaugas Kulbis

Раней выданне «Радыё Свабода» паведаміла, што Дзярждэпартамент ЗША накіраваў Літве, Польшчы і Украіне просьбу зняць санкцыі з беларускага калію і дазволіць яго транзіт праз свае тэрыторыі.

Гэта звязана з прынятым у сакавіку рашэннем адміністрацыі Дональда Трампа адмяніць абмежаванні супраць «Беларуськалія» пасля таго, як рэжым Аляксандра Лукашэнкі вызваліў частку палітвязняў.

Каментуючы інфармацыю пра просьбу ЗША, Кястуціс Будрыс адзначыў: «Магу пацвердзіць, што мы гаворым на гэтую тэму з ЗША, гэтае пытанне стаіць на парадку дня, мы прымаем пад увагу розныя меркаванні».

Аднак міністр падкрэсліў, што Літва не збіраецца аднабакова змяняць сваю пазіцыю, паколькі абмежаванні замацаваныя на агульнаеўрапейскім узроўні:

«Звяртаю ўвагу, што да канца лютага 2027 года дзейнічаюць санкцыі ў дачыненні да Беларусі і калійных угнаенняў, і зараз няма ніякіх спосабаў, сродкаў ці прычын што-небудзь пераглядаць на ўзроўні ЕС. І гэта не толькі пазіцыя Літвы, гэта еўрапейская пазіцыя».

Літва цалкам спыніла транзіт беларускага калію з 1 лютага 2022 года. Нягледзячы на тое, што ЗША сёлета знялі свае санкцыі, Вільня працягвае блакаваць пастаўкі, паколькі пасля кроку Вашынгтона аналагічныя абмежаванні былі ўведзены Еўрасаюзам.

Паводле інфармацыі агенцтва BNS, раней у гэтым месяцы Будрыс на закрытым пасяджэнні фракцыі Сацыял-дэмакратычнай партыі ўжо выказваў занепакоенасць з нагоды ціску з боку Вашынгтона.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула