«Гэта ўжо адкрытае прымяненне агнястрэльнай зброі і гранат». Берлін ахапіла мафіёзная вайна турэцка-курдскіх банд
У Берліне ўзмацняецца канфлікт паміж чатырма турэцка-курдскімі злачыннымі групоўкамі, якія змагаюцца за кантроль над наркабізнэсам.
Паводле інфармацыі BILD, гаворка ідзе пра банды Daltons, Ezgins, Caspers і Sirinler.
У горадзе ўсё часцей адбываюцца стральба з аўтамабіляў, напады з гранатамі і атакі на бізнэс. Толькі ў 2025 годзе ў Берліне зафіксавалі 515 выпадкаў стральбы.
Кіраўнік Нямецкага прафсаюза паліцыі Мануэль Остэрман заявіў, што ўзровень гвалту працягвае расці. «Сёння гэта ўжо не бойкі, а адкрытае прымяненне агнястрэльнай зброі і гранат», — сказаў ён.
Паліцыя папярэдзіла, што ў Германіі можа ўкараніцца практыка, якая першапачаткова з’явілася ў Швецыі, калі маладых людзей наймаюць для нападаў за грошы. «Калі нехта прапануе 1000 еўра за тое, каб кінуць гранату ў вітрыну, рана ці позна нехта пагодзіцца гэта зрабіць», — дадаў ён.
У адказ на эскалацыю берлінская паліцыя стварыла спецыяльныя групы Ferrum і Telum.
За тры месяцы Ferrum пачала 260 расследаванняў і канфіскавала 18 баявых пісталетаў, дзесяць траўматычных і сігнальных пісталетаў, 50 нажоў, бейсбольныя біты і электрашокеры.