БЕЛ Ł РУС

Дзмітрый Лукашэнка падпісаны на экстрэмісцкі паблік у інстаграме

26.05.2026 / 12:28

Nashaniva.com

«Бюро» знайшло таемны інстаграм-акаўнт Дзмітрыя Лукашэнкі. Журналісты вывучылі падпіскі ягонага профілю і даведаліся, чым цікавіцца сярэдні сын кіраўніка Беларусі ў сеціве.

Дзмітрый Лукашэнка. Крыніца: sportclub.by

Профіль быў зарэгістраваны ў верасні 2021 года ў Беларусі пад іменем Дзмітрый.

У профілю аформленыя ўзаемныя падпіскі з сямейнікамі Дзмітрыя Лукашэнкі: дочкамі Анастасіяй, Дар’яй і Аляксандрай. А таксама з жонкай Ганнай Лукашэнкай — яна мае адразу два акаўнты ў інстаграме: афіцыйны пад творчым псеўданімам Ганна Сялук і асабісты пад дзявочым прозвішчам — Ганна Гаравікова.

Яшчэ адно назіранне — вялікі спіс узаемных хакейных кантактаў менавіта з атачэння Дзмітрыя Лукашэнкі.

Сярод фаловераў Дзмітрыя Лукашэнкі журналісты знайшлі галоўнага трэнера каманды Аляксандра Лукашэнкі Дзмітрыя Баскава, бізнэс-профіль Клуба тэніса, якім валодае ПСК, і Юрыя Шахуры. Дзякуючы «Кіберпартызанам» журналісты высветлілі, што ён быў вайскоўцам в/ч 01549 — службы бяспекі Лукашэнкі. Шахура некалькі разоў суправаджаў жонку Дзмітрыя Лукашэнкі Ганну ў замежных паездках — ён можа быць асабістым ахоўнікам клана Дзмітрыя Лукашэнкі.

Акрамя таго, Дзмітрый Лукашэнка сочыць за акаўнтамі а-ля астралагічныя парады для Авена. Сярэдні сын Лукашэнкі нарадзіўся 23 сакавіка, і паводле знака задыяка ён якраз Авен.

У сеціве Дзмітрый Лукашэнка не толькі працуе, але і адпачывае. Ён сочыць за акаўнтамі са смешнымі відэа, аглядамі тавараў з маркетплэйсаў, лепшымі момантамі кінастужак і навінамі пра жыццё зорак шоу-бізнэсу.

Асобная катэгорыя ягоных зацікаўленняў — гэта лічбавая псіхалогія. Напрыклад, ён падпісаны на паблік «Спазнай сябе» — там прапаноўваюць убачыць сябе з іншага боку і адкрыць таямніцы псіхалогіі. Таксама Дзмітрый Лукашэнка сочыць за профілем Дэніела Флэша, які прасоўвае свой унікальны метад псіхасаматычнай тэрапіі.

Ну і, вядома ж, Дзмітрый Лукашэнка працуе са сваімі фінансавымі патокамі і займаецца грашовымі афірмацыямі. У інстаграме Дзмітрый падпісаны на Сяргея Адамовіча, які сам сябе называе «архітэктарам кода душы» — вучыць разбіраць свой асабісты код даходу і пакрокавай сістэме фінансавай свабоды.

Акрамя таго, сярэдні сын Лукашэнкі сочыць за акаўнтам блогеркі Сашы Белэйр. Яна аўтарка курсу па грашовых медытацыях з гаваркой назвай Ab.money, які, на яе думку, дапамагае прыцягваць грошы ў сваё жыццё ў лёгкасці і гармоніі. Праўда, у сеціве яна праславілася, хутчэй, тым, што ейны муж, інфацыган Сяргей Касенка, кінуў іх немаўля ў сумёт.

Таксама Дзмітрый Лукашэнка сочыць і за навінамі ў Беларусі. Ён падпісаны на афіцыйныя акаўнты такіх дзяржаўных СМІ і паблікаў, як: БелТА, «Пул першага», «Валкавыск Life» і ONT music.

Але, як высветліла «Бюро», Дзмітрый Лукашэнка прабраўся і ў варожы лагер. Ён падпісаны на інстаграм-акаўнт @belarusnovosti2, які прызнаны экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй.

Паводле беларускага заканадаўства, за «садзейнічанне экстрэмізму» (падпіску) Дзмітрыю Лукашэнку належыць як мінімум адміністрацыйнае спагнанне. Пакуль простых беларусаў паўсюдна пераследуюць за падпіскі, лайкі і рэпосты, абавязваюць плаціць штрафы або адбываць пакаранне за кратамі, узнікае пытанне: ці ўсе роўныя перад законам?

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула