Як рыхтаваўся візіт Ціханоўскай у Кіеў і чаму ён некалькі разоў пераносіўся
Чакалася, што беларуская дэлегацыя прыедзе ў Кіеў яшчэ на Дзень Волі.
Дэлегацыя Святланы Ціханоўскай у Кіеве. Злева ад Святланы — яе дарадца Дзяніс Кучынскі. Ззаду ідуць Анатоль Лябедзька, Павел Латушка і Арцём Брухан. Тут і далей фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай
Візіт Святланы Ціханоўскай у Кіеў рыхтаваўся некалькі месяцаў. За кулісамі — узгадненні і пераносы. Але галоўнае — палітычнае рашэнне, якое, паводле ўдзельнікаў беларускай дэлегацыі, у Кіеве прынялі яшчэ восенню мінулага году: гаварыць пра Беларусь не з Аляксандрам Лукашэнкам, а з дэмакратычнымі сіламі.
«Калі мы хочам пабачыць Беларусь, у нас ёсць Святлана Ціханоўская, яна прыедзе ў Кіеў і мы пагаворым», — так, са словаў дарадцы Ціханоўскай па дыпламатыі Дзяніса Кучынскага, ва Украіне сёння фармулююць сваю пазіцыю.
Сам візіт выглядаў як афіцыйны візіт першай асобы. І гэта адчувалася ў дэталях: ад дзяржаўнай аховы і картэжу да бел-чырвона-белых сцягоў на вакзале і пратакольнага ўзроўню прыёму. Кучынскі, які арганізоўваў дзясяткі міжнародных паездак Ціханоўскай, кажа, што падрыхтоўка з боку ўкраінскага МЗС ішла «на самым высокім узроўні».
Візіт, які некалькі разоў пераносіўся
У публічнай прасторы апошнія месяцы хадзілі розныя даты магчымага прыезду Святланы Ціханоўскай у Кіеў, у тым ліку — 25 сакавіка. Сапраўды, дата ўзгаднялася даволі доўга, але, як сцвярджаюць у Офісе, не з-за нейкіх палітычных ваганняў украінскага боку ці канфліктаў, гаворка ішла найперш пра лагістыку і прысутнасць у Кіеве Уладзіміра Зяленскага.
Паводле Кучынскага, шчыльная падрыхтоўка пачалася пасля студзеньскай сустрэчы Святланы Ціханоўскай і Уладзіміра Зяленскага ў Вільні. Менавіта тады было атрымана запрашэнне ў Кіеў.
Першапачаткова разглядалася дата 24 лютага — да гадавіны поўнамаштабнага ўварвання Расіі. Але ў той момант у Кіеў прыязджалі дзясяткі сусветных лідараў, і беларускі візіт мог проста растварыцца ў агульным фоне. А гэтага не хацелася.
Потым абмяркоўвалі 25 сакавіка — Дзень Волі. Гэтую дату, кажа Кучынскі, прапаноўваў ужо ўкраінскі бок як важны сімвалічны жэст. Але канчаткова яе так і не зацвердзілі.
Дарадца Святланы Ціханоўскай па парламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька тлумачыць проста: «Там не было палітыкі, не было нічога кулуарнага. Нам сказалі: «Мы вам цвёрда гарантуем — усё будзе». Але графік Зяленскага ва ўмовах вайны пастаянна змяняецца».
У выніку фінальна пра даты дамовіліся ўжо вясной — пасля кантактаў з украінскім МЗС і размовы з міністрам замежных спраў Украіны. Для Кіева было прынцыпова, каб Зяленскі ў гэтыя дні знаходзіўся ва Украіне і мог асабіста сустрэцца з беларускай дэлегацыяй.
«Можна было б прыехаць і раней без Зяленскага. Але гэта ўжо не тое. Наш маяк — гэта быў Зяленскі. Ад яго залежыць усё астатняе», — кажа Анатоль Лябедзька.
Лябедзька, які ездзіць ва Украіну яшчэ з часоў Памаранчавай рэвалюцыі, згадвае сустрэчы з Юшчанкам і Цімашэнкай яшчэ да іх прыходу да ўлады, выступы на Майдане і шматлікія кантакты з украінскай апазіцыяй мінулых гадоў. Але падкрэслівае: раней гэта былі сувязі з тымі, хто «змагаўся за Украіну», а не прадстаўляў дзяржаву.
Чым тлумачаць цяперашні прыём
У Офісе Ціханоўскай лічаць, што ў Кіеве адбылася больш глыбокая пераацэнка адносінаў да Беларусі.
Дзяніс Кучынскі фармулюе так: ва Украіне прыйшлі да разумення, што «Лукашэнка — гэта рэлікт эпохі» і «ніякіх спраў з ім мець няма сэнсу».
На думку ўкраінскіх уладаў, кажа ён, Лукашэнка цалкам залежыць ад Пуціна, дае Расіі тэрыторыю, інфраструктуру і з’яўляецца саўдзельнікам агрэсіі супраць Украіны. Таму працаваць Кіеў хоча не з рэжымам, а «з беларускім народам і яго прадстаўніцтвам».
Што далей?
Дзяніс Кучынскі кажа, што дэлегацыя ехала ў Кіеў з практычным пытаннем: чым беларусы могуць быць карысныя Украіне ўжо цяпер.
Паводле яго, у Кіеве абмяркоўваюцца дапамога Украіне з боку беларускай дыяспары ў Еўропе, падтрымка беларускіх добраахвотнікаў, сумесныя ініцыятывы і больш цесная каардынацыя паміж украінскім бокам і дэмакратычнымі сіламі Беларусі.
«Уладзімір Зяленскі падчас 30‑хвіліннай сустрэчы са Святланай Ціханоўскай выказаў захапленне беларускімі ваярамі, якія ваююць ва Украіне. Мы падымалі пытанні, звязаныя з добраахвотнікамі і іх сем'ямі, прысвяцілі гэтаму шмат часу. Перадалі прэзідэнту Украіны звароты ад людзей. Першасная рэакцыя Уладзіміра Зяленскага была пазітыўная, ён занатаваў сабе інфармацыю, таму мы спадзяемся, што атрымаецца зрушыцца ў гэтым пытанні, вырашыць складанасці і шурпатасці, якія зараз ёсць», — адзначыў Кучынскі.
Паводле яго слоў, рашэнне пэўных пытанняў мусіць адбывацца праз стварэнне міжведамаснай групы.
Анатоль Лябедзька прывёз украінскім парламентарыям аналітычныя матэрыялы па Беларусі і прапановы па сумесных праектах. Адразу пасля візіту ў Вярхоўнай Радзе плануюць правесці асобны івэнт па еўраінтэграцыйным досведзе Украіны і тым, як яго можна выкарыстоўваць для Беларусі.
Асобна ў дэлегацыі разлічваюць і на палітычныя вынікі.
Анатоль Лябедзька адкрыта кажа: падтрымка Зяленскага можа стаць для беларускіх дэмакратычных сіл «моцнай картай» у Еўропе. У Офісе спадзяюцца, што пасля гэтага візіту пазіцыі Ціханоўскай і яе каманды ўзмоцняцца ў дыскусіях з еўрапейскімі партнёрамі — асабліва ў пытаннях санкцый, ізаляцыі рэжыму Лукашэнкі і будучых міжнародных перамоваў.
«Калі за намі поплеч Зяленскі — гэта ўжо зусім іншая вага», — фактычна так апісваюць у дэлегацыі галоўны практычны вынік візіту.