Вільню наведае канстанцінопальскі патрыярх Варфаламей
Яго візіт адбудзецца 7 чэрвеня.
Патрыярх Варфаламей падчас велікоднай службы ў Канстанцінопалі (Стамбуле) 11 красавіка 2026 года. Фота: Hakan Akgun/Anadolu via Getty Images
26 мая ў Канстанцінопалі (Стамбуле) на Свяшчэнным сінодзе Сусветнага патрыярхату праваслаўнай царквы быў абраны новы епіскап Тэміскі, экзарх Усяленскага патрыярха Канстанцінопальскага ў Літве — святар Панарэт Псараўціс.
Плануецца, што новы экзарх прыбудзе ў Літву 7 чэрвеня, калі праваслаўную хрысціянскую супольнасць тут наведае сам Усяленскі (Сусветны) патрыярх Варфаламей, паведаміў у сваім тэлеграм-канале Беларускі праваслаўны прыход у Вільні, які належыць да Сусветнага патрыяпрхату.
Патрыярх Варфаламей наведае Літву па запрашэнні рымска-каталіцкага архібіскупа Гінтараса Грушаса і прыме ўдзел у Кангрэсе Міласэрнасці.
Боская літургія праваслаўнай супольнасці з удзелам патрыярха і новага экзарха адбудзецца 7 чэрвеня а 9:00 у Трынапальскім храме Святой Тройцы (Verkių g. 70).
Пасля набажэнства адбудзецца сустрэча з супольнасцю.
Абраны сёння архімандрыт Панарэт Псараўціс, які будзе служыць у Літве, — святар і манах, народжаны ў Ханьі на Крыце, які служыць у канстанцінопальскім прыходзе, што аб’ядноўвае славянскую і турэцкую хрысціянскія супольнасці.
Манахам святар стаў у 2002 годзе, святарскае пасвячэнне атрымаў у 2003 годзе. Сваё служэнне айцец Панарэт пачаў у мітраполіі Рэтымі і Аўлапатама Крыцкай Царквы. У 2014 годзе быў запрошаны на служэнне ў Канстанцінопаль.
За добрасумленнае служэнне ў 2010 годзе ён атрымаў тытул архімандрыта, а ў 2016 годзе — тытул Вялікага Прапаведніка (Megas Ierokyrix).