Пасля змены ўрада ў Чэхіі палова краін пакінула ініцыятыву па закупцы боепрыпасаў для Украіны
Колькасць краін, якія фінансуюць чэшскую ініцыятыву па закупцы боепрыпасаў для Украіны, значна скарацілася — роўна ўдвая. Пра гэта паведаміў прэзідэнт Чэхіі Петр Павел у інтэрв’ю Financial Times.
Петр Павел. Фота: Matt Rourke / AP
Паводле слоў чэшскага прэзідэнта, цяпер у праекце ўдзельнічаюць толькі 9 дзяржаў, у той час як раней іх было 18.
Гэта выклікае занепакоенасць адносна будучыні ініцыятывы, бо яна адыгрывала важную ролю: забяспечвала да паловы ўсіх артылерыйскіх боепрыпасаў для Украіны. Павел падкрэсліў, што такую падтрымку складана хутка замяніць іншымі крыніцамі.
Скарачэнне ўдзельнікаў ініцыятывы звязваюць у тым ліку з палітычнымі зменамі ў Чэхіі пасля вяртання на пасаду прэм’ер-міністра Андрэя Бабіша. Той заявіў, што ягоны ўрад робіць прыярытэтам унутраныя патрэбы краіны, асабліва на фоне эканамічных цяжкасцяў і росту выдаткаў на энерганосьбіты.
Паводле некаторых крыніц, частка краін не хоча фінансаваць ініцыятыву, калі яна не мае выразнай і стабільнай падтрымкі з боку кіраўніцтва краіны-арганізатара.
Тым не менш, праект надалей працягвае дзейнічаць, і яго будучыню плануюць абмяркоўваць на хуткім саміце НАТА ў Анкары. Петр Павел адзначыў, што пытанне размеркавання фінансавай нагрузкі паміж саюзнікамі становіцца ўсё больш актуальным.
Пры гэтым, нягледзячы на палітычныя спрэчкі, ранейшыя апытанні паказвалі, што большасць жыхароў Чэхіі падтрымлівае працяг гэтай ініцыятывы.
Чытайце таксама:
Прэзідэнт Чэхіі заклікаў НАТА «сабрацца з сіламі і паказаць зубы»