Сілавікі запусцілі чат-бот для даносаў. Цяпер бондаравец Юспа стаў частым госцем на міліцэйскіх гутарках
Інструменты для ананімных скаргаў, створаныя сілавымі структурамі, нечакана ўдарылі па самых адданых адэптах «рускага свету». Прарасійскі актывіст сутыкнуўся з сістэматычнымі выклікамі на допыты праз уласныя відэаролікі.
Міхаіл Юспа ў рэпартажы тэлеканала «Беларусь 1». Скрыншот відэа
Міхаіл Юспа, навуковы супрацоўнік Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы і паплечнік Вольгі Бондаравай, стаў сумна вядомым у апошнія гады, змагаючыся з любымі праявамі беларускасці ў Беларусі. Сфера яго інтарэсаў ахоплівае пошук крамолы на этыкетках, вывесках і ў вопратцы мінакоў. Але не доўга ён цешыўся.
У пачатку красавіка адбыўся першы візіт актывіста да сілавікоў у нязвыклым для яго статусе. 7 красавіка Міхаілу Юспу патэлефанавалі з ГУБАЗіКа. Наступным днём падчас асабістай сустрэчы высветлілася, што на яго напісалі заяву з абвінавачваннем у працы на раскол Саюзнай дзяржавы. Тады ў ГУБАЗіКу пацвердзілі свайму ідэйна блізкаму візаві адсутнасць прыкмет «распальвання варожасці», і гутарка скончылася мірна.
Сітуацыя паўтарылася праз месяц. 12 мая актывісту патэлефанавалі з РАУС. Міліцыянер паведаміў, што жыхар Гомеля скінуў у чат-бот МУС заяву на яго відэа ў TikTok. Сам Юспа мяркуе, што нагодай стаў ролік, апублікаваны ім 6 мая.
У тым відэа ён абураўся абвяшчэннем прыпынкаў у мінскім метро па-беларуску і па-англійску, без дай прычыны заяўляючы, што першая дзяржаўная мова ў краіне — руская.
Скарга на моўную сітуацыю ў мінскім метро. Скрыншот тэлеграм-канал Юспы
Скаргі Юспы на моўную палітыку ў метро выклікалі жорсткую рэакцыю нават з боку афіцыйнай прапаганды. 14 мая тэлеграм-канал сілавікоў «Жоўтыя злівы» прысвяціў актывісту допіс, абвінаваціўшы яго ў разгойдванні сітуацыі і тым, што ён лье ваду на млын ворагаў-бэчэбэшнікаў. Сілавікі працытавалі 17‑ы артыкул Канстытуцыі аб роўнасці дзвюх дзяржаўных моў і параілі спыніць пошукі ўшчамлення рускай мовы, дадаўшы, што моўнае пытанне ў Беларусі вырашана раз і назаўжды.
Юрыст і папулярызатар беларускай мовы Ігар Случак перапосціў скрыншот навіны пра выклікі Юспы ў міліцыю, іранічна намякнуўшы на сваю датычнасць да праблем, якія ўзніклі ў прарасійскага актывіста: «І вы ведаеце, хто гэты бот».
Пазней актывіст паведаміў, што па гэтай скарзе яго зноў выклікалі ў РУУС, прычым міліцыя перавяла разбіральніцтва ў рамках Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (ПВКаАП).
Паляўнічы на ўсялякую беларушчыну, Юспа, сам апынуўшыся пад прыцэлам праваахоўных органаў, раскрытыкаваў выбудаваную сістэму ананімных зваротаў. У сваім тэлеграм-канале ён зазначыў, што прыцягнуць падобных грамадзян да адказнасці за лжывы данос немагчыма, бо фармальна яны не пішуць заяву, а проста скідваюць сваю творчасць у бот МУС або любой іншай структуры. Супрацоўнік праваахоўных органаў пры гэтым абавязаны гэты сігнал разгледзець і разабрацца.
Заплечнік Міхаіла Юспы з георгіеўскай стужкай і сцягам СССР сталі прычынай таго, што нейкі беларус спытаў у яго прама на вуліцы: «Да*баёб, з Усходу прыехаў?». Фота: тэлеграм-канал Юспы
Прарасійскі актывіст параўнаў такую практыку з віртуальнай DDoS-атакай. Паводле яго ацэнкі, пры правядзенні мерапрыемстваў па дэстабілізацыі дзяржавы варожая сіла завальвае боты сілавых структур тонамі даносаў. Гэта адцягвае праваахоўнікаў на праверкі па прыдуманых злачынствах і распыляе рэсурсы дзяржаўнага апарата.
Юспа паскардзіўся, што ў выніку ствараецца сістэма, у рамках якой у дачыненні да любога беларускага грамадзяніна можа быць праведзена беспакараная аперацыя па дыскрэдытацыі.