Расійскі мільярдэр збег з Расіі праз Беларусь, зняўшы вялікую суму грошай
Расійскі ІТ-інвестар і заснавальнік фонду Almaz Capital Аляксандр Галіцкі выехаў з Расіі, нягледзячы на абмежаванні, уведзеныя ў межах справы аб прызнанні яго і фонду «экстрэмісцкім аб’яднаннем».
Аляксандр Галіцкі
Паводле інфармацыі расійскай пракуратуры, Галіцкі пакінуў краіну праз Беларусь, скарыстаўшыся нідэрландскім пашпартам, а перад гэтым зняў мільярды расійскіх рублёў са свайго рахунку ў Газпрамбанку.
Суд у Маскве прызнаў Галіцкага і яго кампанію экстрэмісцкім аб’яднаннем і пастанавіў перадаць яго маёмасць дзяржаве. Агульная сума актываў, якія падлягаюць канфіскацыі, складае каля 8 мільярдаў расійскіх рублёў (каля 112 мільёнаў даляраў). У гэты спіс уваходзяць грошы на рахунках, нерухомасць у Маскве і падмаскоўны дом. Сам бізнэсмен не пагаджаецца з абвінавачаннямі.
Паводле версіі пракуратуры, пасля 2014 года фонд спыніў інвестыцыі ў расійскія праекты і пачаў выводзіць сродкі за мяжу, а пасля 2022 года нібыта падтрымліваў украінскія кампаніі, звязаныя з распрацоўкай узбраення. Абарона бізнэсмена сцвярджае, што Галіцкі даўно не мае дачынення да фонду і ўкладваў грошы толькі ў мірныя праекты.
Галіцкі лічыцца адным з вядомых венчурных інвестараў у тэхналагічнай сферы. Ягоны фонд за многія гады ўклаў сотні мільёнаў даляраў у дзясяткі стартапаў у розных ІТ-напрамках.
Частка яго актываў ужо пераходзіць пад кантроль дзяржавы, у тым ліку праз перадачу доляў у кампаніях дзяржаўнай карпарацыі.
У лютым гэтага года стала вядома, што ў ізалятары часовага ўтрымання падмаскоўнага горада Істра скончыла жыццё самагубствам 46‑гадовая Алія Галіцкая — былая жонка Аляксандра Галіцкага. Трагедыя здарылася праз суткі пасля таго, як суд арыштаваў яе паводле абвінавачання ў вымагальніцтве каласальнай сумы ў былога мужа.
Чытайце таксама:
Жонка расійскага мільярдэра здзейсніла самагубства ў ІЧУ. У смерці яна абвінаваціла мужа
Пад Санкт-Пецярбургам на матацыкле разбіўся расійскі мільярдэр
За апошнія пяць гадоў колькасць мультымільянераў у свеце павялічылася больш чым у чатыры разы
Самы багаты ўкраінец купіў кватэру ў Манака за $550 мільёнаў. Гэта рэкордная здзелка ў гісторыі