Сяргея Стрыбульскага з «Белага легіёна» асудзілі на тры з паловай гады і далі вялікі штраф
У 2017 годзе Стрыбульскага арыштоўвалі па «справе «Белага легіёна».
26 траўня ў Магілёве асудзілі 50‑гадовага палітвязня Сяргея Стрыбульскага. Яго прызналі вінаватым паводле ч. 1 і 2 арт. 361‑4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), піша «Вясна».
Суд прызначыў яму пакаранне ў выглядзе трох гадоў і шасці месяцаў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Акрамя зняволення, Стрыбульскаму вынесены вялікі штраф 550 базавых адзінак (24 750 рублёў).
Сяргей быў затрыманы 14 лістапада 2025 года. Першапачаткова ён адбыў два адміністрацыйныя арышты, але ўжо 12 снежня яго затрымалі зноў у межах крымінальнай справы. Да суду мужчына ўтрымліваўся ў магілёўскай турме №4.
Гэта далёка не першы выпадак ціску на актывіста: у 2017 годзе ён быў фігурантам рэзананснай «справы Белага легіёна» і правёў у СІЗА 99 дзён, пакуль справу не закрылі. У 2021 годзе ў яго канфіскоўвалі тэхніку, а ў сакавіку 2022 года — напярэдадні Дня Волі — Сяргея зноў затрымалі і асудзілі на 15 сутак. Тады ён расказаў сябрам, што падчас затрымання сілавікі збівалі яго і катавалі токам.