Як будуць развівацца падзеі, калі Масква зноў, як і ў 2022, пачне наносіць удары па Кіеве з тэрыторыі Беларусі? Магчымыя сцэнары
Аналітыкі дапускаюць магчымасць эскалацыі Расіяй як мінімум для апраўдання мабілізацыі, а як максімум каб стварыць для Украіны другі фронт.
Транспартаванне ўзбраення ў Беларусі, вучэнні. Photo by Russian Defense Ministry Press Service via AP
Афіцыйны дыскурс Масквы застаецца нязменны: вайна да пераможнага канца, мэты аперацыі (поўны кантроль над Украінай і змена балансу сілаў у Еўропе) будуць дасягнутыя, чаго б тое ні каштавала і колькі б часу ні заняло.
Аднак у рэальнасці Расія мае праблемы і на фронце, і з падтрымкай вайны насельніцтвам. Прасоўванне расійскага войска спынілася. Страты на фронце, імаверна, пераўзыходзяць ужо прыток кантрактнікаў. Узровень ваеннага энтузіязму знізіўся, расіяне стомленыя ад вайны. Расіі патрэбны новы фактар, каб пераламаць ход канфлікту. Нават каб не пераламаць, а проста не дапусціць адступлення, захаваць сітуацыю вайны на знясільванне, у чаканні аслаблення Украіны і Захаду, Расіі можа спатрэбіцца новая хваля мабілізацыі. А каб не дапусціць паўтору лютага 1917 года, патрэбна штосьці, што падняла б веру ў перамогу.
Аналітыкі дапускаюць магчымасць эскалацыі Расіяй сітуацыі на мяжы з краінамі НАТА для апраўдання мабілізацыі, каб можна было загаласіць: «Отечество в опасности». І тады пытанне, ці Масква загадае беларускаму войску ўзяць удзел у такой эскалацыі і што гэта можа сабой уяўляць.
У сваю чаргу, Украіна настойліва папярэджвае пра магчымасць эскалацыі на паўночным кірунку, з боку Беларусі.
Мінулы тыдзень адзначыўся правядзеннем Расіяй ядзерных вучэнняў, падчас якіх адпрацоўвалася дастаўка атамных боегаловак у Беларусь. Пасля гэтага 22 мая прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі правёў размову з кіраўнікамі Германіі, Францыі і Вялікабрытаніі, на якой сярод іншага абмяркоўвалася і беларускае пытанне.
24 мая адбылася тэлефонная размова Аляксандра Лукашэнкі і прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона. Як паведаміла AFP са спасылкай на крыніцу ў Елісейскім палацы, Эмануэль Макрон наўпрост папярэдзіў Аляксандра Лукашэнку пра наступствы ўцягвання ў расійскую агрэсію. Гэта першы вядомы тэлефонны кантакт палітыкаў за больш чым чатыры гады.
Мінск паведаміў, што размова адбылася з ініцыятывы французскага боку.
Здавалася б, няма рацыянальных падстаў, каб рэжым Лукашэнкі ўцягнуўся на баку Расіі ў вайну, у якой Масква безнадзейна завязла. Калі Лукашэнка не ўвязаўся ў 2022-м, калі Масква разлічвала заняць Кіеў за 3—4 дні, то якая логіка лезці ў справу, якая запахла керасінам? Вайна прынесла б разбурэнні і эканамічныя страты, а пры найгоршым сцэнары можа скончыцца і народным паўстаннем пры падтрымцы войска.
Такі самы рацыянальны аналіз кажа, што Украіне не трэба, каб адкрыўся другі фронт. Цяпер Украіна ў вайсковым плане мацнейшая, чым у 2022-м, і тактыка вядзення вайны змянілася. Украіна мае перавагу ў беспілотніках малой дальнасці і блізкая да парытэту ў беспілотніках вялікай дальнасці. Аднак Украіна ашчаджае рэзервы.
Што здарыцца, калі Масква, як і ў 2022-м, пачне наносіць удары па поўначы Украіны і Кіеве, у прыватнасці, з тэрыторыі Беларусі? Вымусіўшы згоду Мінска ці проста паставіўшы Мінск перад фактам?
У 2022‑м Кіеў устрымаўся ад удараў у адказ па тэрыторыі Беларусі. Зараз Кіеў будзе кіравацца ваеннай мэтазгоднасцю. Прадстаўнікі Украіны некалькі разоў пагражалі, што ўдары ў адказ, а магчыма і прэвентыўныя ўдары, калі пагроза стане няўхільнай, гэтым разам будуць нанесеныя. «Сілы абароны Украіны, Сілы бяспекі і нашы спецслужбы ведаюць, у чым пагрозы і як рэагаваць — як рэагаваць справядліва, без сумневаў», — заявіў Уладзімір Зяленскі.
Кіраўнік Сілаў беспілотных сістэм Украіны Роберт Броўдзі быў яшчэ больш рэзкі: «Мінскаму гаўляйтару Лукашэску, — напісаў ён у сябе ў фэйсбуку. — Першыя 500 цэляў ужо на алоўку. Бясплатная і вельмі практычная парада: не лезь на вочы Украіне».
Пытанне, ці ў выпадку такога абмену ўдарамі Лукашэнка задзейнічае беларускія Узброеныя сілы і наколькі маштабна. Ці можа гэта залежаць ад выбару Украінай сваіх цэляў для ўдараў?
Зрэшты, усё гэта можа быць і дым без агню, які Масква пускае, каб адцягнуць частку ўкраінскіх сілаў ад асноўнага тэатра ваенных дзеянняў.