БЕЛ Ł РУС

Як мінчукі стварылі найбуйнейшую ў краіне фотастудыю на 60 залаў

27.05.2026 / 15:20

Nashaniva.com

Надзея Салаўёва разам з мужам валодаюць трыма бізнэсамі, сярод якіх — найбуйнейшая па колькасці залаў у СНД прастора для стварэння кантэнту PhotoHub. Тут ладзяць прыватныя фотасесіі, а таксама здымаюць рэкламу і фільмы. Надзея распавяла MYFIN пра этапы стварэння фотахаба, складанасці і праблемы прадпрымальніка.

Пайшла ў фоташколу і зразумела, што Мінск перапоўнены аднолькавымі студыямі

— Пра стварэнне сваёй фотастудыі я задумалася ў 2020 годзе. У той год я пайшла на курс прафесійнай фатаграфіі і пры выкананні дыпломнай працы сутыкнулася з праблемай: мне не ўдалося адшукаць у Мінску фотастудыю, якая магла б закрыць мае патрэбы.

На той момант у Надзеі з мужам ужо былі дзейныя бізнэсы — сетка дзіцячых забаўляльных цэнтраў Las Legas і Музей Lego. А цяпер з’явілася разуменне, што можна развіваць яшчэ адзін кірунак.

— Пляцовак для фота ў горадзе ўжо на той момант было шмат, але амаль усе яны выглядалі аднолькава. Я глядзела студыі і лавіла сябе на думцы: можна зрабіць лепш. Мы з мужам вырашылі, што Мінск заслугоўвае класнай прасторы з высокім узроўнем сэрвісу і вялікім выбарам. Я сказала выкладчыку, што адкрыю сваю сетку студый. Ён тады не паверыў.

Сталі шукаць памяшканне: пачалі глядзець, што менавіта і за якія грошы прапануе рынак.

Надзея выставіла крытэрыі: у памяшканні абавязкова павінны быць высокія столі, інакш будзе складана змясціць светлавое абсталяванне. Пляцоўка павінна знаходзіцца ў цэнтры і мець добрую транспартную даступнасць. Пад гэтыя характарыстыкі падыходзіла былое заводскае памяшканне насупраць ЦУМа. Тут у разгар пандэміі Надзея з мужам і адкрылі першыя 16 студый.

— Калі мы адкрываліся ў 2021-м, у нас была ў арэндзе палова паверха. Зараз PhotoHub займае сем паверхаў, у нас 60 залаў.

Была трывожнасць — ці ўдасца знайсці дастаткова кліентаў. Але аказалася, пандэмія сыграла толькі на руку, і на гэта была прычына.

«Пакуль іншыя студыі прапаноўвалі аднолькавы інтэр’ер з цыкларамай, мы аднавілі бізнэс-залу»

Пры выбары інтэр’еру першых студый Надзея памятала: рынак перанасычаны аднолькавасцю, а значыць, трэба прапаноўваць тое, чаго яшчэ няма.

— У кавідны час бізнэс рэзка пачаў сыходзіць у анлайн, кампаніі адмаўляліся ад офісаў, пераводзілі людзей на «аддаленую працу», запускалі сацсеткі, анлайн-прадукты, рэкламу. А значыць, патрэба ў кантэнце вырасла ў разы. Дзе яго здымаць? Мы зрабілі стаўку на тое, што кампаніям патрэбныя прасторы для інтэрв’ю, афіцыйных здымкаў, прэзентацый.

Таму адну з залаў зрабілі як сапраўдны офіс: стол перамоў, працоўнае месца, кнігі, крэслы. І яна аказалася вельмі запатрабаванай:

— Мы далі магчымасць экспертам, у якіх няма ўласнага офіса, прыйсці да нас і ў рэалістычных дэкарацыях зрабіць кантэнт.

Зараз у студыі дастаткова незвычайных залаў: ёсць імітацыя школьнага класа (карыстаецца попытам сярод школьнікаў-выпускнікоў для здымкі фотаальбомаў), медыцынскі кабінет (у ім медыкі здымаюць кантэнт для сацсетак), ёсць муляж французскай булачнай, сучаснай кухні. Хоць і звыклых для гэтага рынку залаў таксама хапае.

Такая вялікая разнастайнасць, кажа Надзея, дапамагла прыцягнуць буйных заказчыкаў — у тым ліку тых, хто займаецца здымкамі кіно:

— Прыемна, калі дачка бегае і кажа, што па ТНТ убачыла серыял, зняты ў нашых лакацыях.

— У нас вялікі выбар залаў у адным месцы, і буйныя кампаніі могуць прыехаць да нас, за 1—2 дні правесці ўсе неабходныя здымкі ў розных лакацыях і нават арэндаваць у нас месца для харчавання здымачнай групы. 

Да слова, буйныя заказчыкі — асноўныя кліенты летам:

— У гэтага бізнэсу ёсць сезоннасць. Улетку прыватныя здымкі звычайна пераносяцца на вуліцу. Але калі мы маем справу з буйной кампаніяй — яна не можа залежыць ад вулічнага надвор’я, вулічнага асвятлення, бо сабраныя каманда, абсталяванне. Такім кліентам патрэбныя прафесійнае святло і прафесійныя лакацыі. То-бок тое, што ёсць у нас.

Пры выбары новага дызайну студыі Надзея збірае зваротную сувязь ад кліентаў — пытаецца, чаго менавіта ім не хапае. Бывае, кліенты просяць пэўную залу, яе ствараюць — а яна не карыстаецца попытам. У такім выпадку робяць рэдызайн.

«У нас бясконцая будоўля»

Надзея звяртае ўвагу: яе з мужам бізнэс на фотастудыях занадта рамантызаваны:

— Некаторыя думаюць, што ўся наша задача — прыгожа расставіць мэблю. Насамрэч у нас бясконцая будоўля, рамонты і велізарная колькасць тэхнічных праблем.

У студыях нешта ламаецца настолькі часта, што ў штат узялі некалькі чалавек, якія адказваюць за тэхнічную частку: прыклеяць адарваны ліштву, збяруць мэблю, паправяць абсталяванне. З-за таго, што паломкі здараюцца ў тым ліку па віне кліентаў, у кожнай прасторы ўсталяваныя відэакамеры.

— Часам здзіўляе, наколькі нядбайна некаторыя людзі ставяцца да чужой маёмасці. У нас з мужам быў вопыт здачы сядзібы ў арэнду, і мне здавалася, што мяне нічым не здзівіць. Але быў выпадак з залай «Карбон», для якой мы куплялі антыкварную мэблю. Я ездзіла па барахолках, мы шукалі крэслы, канапы, потым іх рамантавалі, перацягвалі. І ўявіце: зала яшчэ новая, у ёй было некалькі здымкаў, а ў канапе — дзіркі. Мы не маглі зразумець, ад чаго яны з’явіліся. Глядзім запіс з камер: аказалася, мадэль на абцасах залезла на канапу ў абутку, на шпільцы, і пазавала.

У PhotoHub ёсць зала ў выглядзе хола гатэля з рэсэпшэнам, на стале стаіць незвычайны свяцільнік са шкляным плафонам:

— Я ўжо сёмы раз купляю новы свяцільнік, яго пастаянна б’юць. А без яго няма такога антуражу.

Калі кліент сапсаваў абсталяванне або рэквізіт, ён павінен пакрыць страты — гэта прапісана ў правілах.

Што значыць «класны сэрвіс» у гэтым бізнэсе?

Надзея падкрэслівае: ёй важна было стварыць у кліентаў адчуванне, што пра іх паклапаціліся. Што гэта значыць? Напрыклад, у зоне чакання ёсць бясплатная гарбата і кава. У кожнай зале — кандыцыянер, wi-fi. 

Асобная гісторыя — ліфт: яго не было. Надзея вырашыла, што трэба ўсталяваць — таму што ўмоўнаму візажысту з валізкамі касметыкі складана цягнуць гэтыя рэчы на чацвёрты паверх.

— Шахта тут ужо была, але ліфта не было, і арэндадаўца не хацеў яго ставіць. Тут ужо быў грузавы ліфт, але ён працуе абмежаваны час, зачыняецца на абед.

Мы паставілі ліфт самі, недзе нам далі кампенсацыю ў кошт арэнды. Гэта пытанне не толькі грошай, бо яшчэ быў доўгі працэс узгаднення.

Рамонт туалетаў таксама зрабілі за свае грошы — каб кліентам было камфортна.

— Мы ўкладаемся ў сэрвіс. Мы прадаём не арэнду залаў, мы прадаём уражанні, а таксама магчымасць прыйсці і ўвасобіць сваю ідэю. 

Хаб патрабуе шмат укладанняў, пастаяннага ўлівання грошай. На дадзены момант ён не акупляецца.

— Вы не баіцеся, што людзі зараз вырашаць масава рабіць ШІ-фотасесіі, і вы страціце кліентаў? А як вы ставіцеся да ШІ-фатаграфіі?

— З агідай. 

«Вялікая памылка — цягнуць усё самой»

Надзея робіць акцэнт, што за час працы ў хабе зразумела: яе галоўная мэта — знайсці добрых выканаўцаў, а не зрабіць усё самой.

— Раней я дапускала памылку, звязаную з адсутнасцю дэлегавання. Я дапамагала фарбаваць сцены, рабіла дэкор, упрыгожвала залы да Новага года. У выніку вырашыла наняць кіраўніка для «аперацыёнкі», а для сябе пакінула толькі тое, што мне падабаецца. Я завяршаю кожны этап падрыхтоўкі новай залы, расстаўляю фінальны дэкор. Фота залы таксама раблю я, таму што мне гэта падабаецца. Я думала, што без мяне студыя разваліцца. Але калі твой бізнэс працуе толькі пры тваёй прысутнасці, гэта не бізнес, гэта хобі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула