Праз украінскія ўдары па расійскіх НПЗ рэзка ўзраслі пастаўкі ў Расію бензіну з Беларусі
У маі 2026 года пастаўкі беларускага бензіну на расійскую біржу рэзка павялічыліся. Калі год таму за такі ж перыяд было прададзена ўсяго каля 300 тон, то цяпер — больш за 17 тысяч тон, піша «Коммерсант».
Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»
Асабліва прыкметны рост адбыўся ў другой палове месяца: за некалькі дзён аб’ёмы продажаў амаль у чатыры разы перавысілі паказчыкі папярэдняга тыдня. Найбольш запатрабаванымі сталі маркі АІ-92 і АІ-95, крыху менш — АІ-100.
Попыт на беларускае паліва тлумачыцца сітуацыяй на расійскім рынку. Там узнік недахоп бензіну з-за незапланаваных рамонтаў на шэрагу нафтаперапрацоўчых заводаў, выкліканых украінскімі ўдарамі па расійскай вайсковай інфраструктуры. Таксама меў уплыў сезонны рост спажывання паліва напярэдадні лета. У такіх умовах спажыўцы гатовыя набываць паліва з-за мяжы, нават калі яно каштуе даражэй.
Кошт беларускага бензіну сапраўды заўважна перавышае кошт расійскага. Па стане на 25 мая беларускі АІ-92 каштаваў 96—97,5 тысяч расійскіх рублёў за тону, АІ-95 — 104,7 тысячы расійскіх рублёў. У той жа час па выніках таргоў 26 мая цэны АІ-92 па індэксе еўрапейскай часткі Расіі на біржы выраслі на 0,01%, да 67,44 тысячы расійскіх рублёў за тону, АІ-95 — на 3,24%, да 74,95 тысячы расійскіх рублёў за тону. Аптовая цана летняга дызельнага паліва знізілася на 1,69%, да 66,16 тысячы расійскіх рублёў за тону.
Тым не менш, попыт на беларускае паліва захоўваецца, бо важную ролю тут адыгрываюць не толькі цэны, але і фактычная наяўнасць паліва і хуткасць паставак.
Эксперты адзначаюць, што цяперашняя схема паставак не зусім эфектыўная. Яна прадугледжвае, што расійская нафта адпраўляецца ў Беларусь, там перапрацоўваецца, а потым гатовы бензін вяртаецца назад у Расію. Такая мадэль павялічвае канчатковы кошт прадукцыі. Таму, нягледзячы на рост паставак, іх уплыў на агульную сітуацыю абмежаваны.
Агульныя аб’ёмы імпарту з Беларусі застаюцца невялікімі ў параўнанні з патрэбамі расійскага рынку, дзе штогод спажываецца каля 40 мільёнаў тон бензіну. Гэта значыць, што беларускія пастаўкі могуць толькі часткова закрыць лакальныя праблемы, але не здольныя поўнасцю кампенсаваць недахоп.
Пры гэтым сітуацыя ў Расіі пакуль не лічыцца крытычнай. Яна не такая напружаная, як, напрыклад, у канцы 2025 года, калі цэны на бензін дасягалі рэкордных значэнняў. Аднак рызыкі застаюцца. Частка расійскіх заводаў усё яшчэ не працуе або працуе не на поўную магутнасць, і калі попыт працягне расці, гэта можа прывесці да новых праблем.
Асабліва складана можа стаць незалежным сеткам аўтазаправак, якія не маюць уласнай перапрацоўкі. Яны ўжо распрадаюць запасы і ў будучыні могуць быць вымушаныя або купляць паліва па нявыгадных цэнах, або нават часова спыняць працу.
Чытайце таксама:
Украіна з пачатку вайны нанесла больш за 150 удараў па расійскіх НПЗ
На Сызранскім НПЗ у Расіі бушуе пажар пасля атакі БПЛА, ёсць загінулыя
Пасля атакі дронаў гарыць нафтаперапрацоўчы завод «Лукойл» у Ніжагародскай вобласці
Ці не здарацца летам масавыя адмены авіярэйсаў праз дэфіцыт паліва?