19‑гадовы курсант Акадэміі МУС набіў сабе на лбе мішэнь і паехаў штурмаваць Запарожжа. Ідэя спрацавала
Іван Ламаносаў не дажыў да свайго першага сур'ёзнага юбілею. Гэта ўжо другі вядомы выпадак, калі беларускі курсант адпраўляецца на смерць па ўласнай ініцыятыве.
Іван Ламаносаў нарадзіўся ў красавіку 2006 года ў вёсцы Лугавая Слабада зусім побач з Мінскам.
У 2022 годзе хлопец спрабаваў паступіць у сталічную Акадэмію авіяцыі і ў момант падачы дакументаў паспеў даць інтэрв'ю журналістам.
Бацька наёмніка — дальнабойшчык Васіль Ламаносаў — працуе ў Еўрасаюзе
«Учорашні школьнік Іван Ламаносаў прыйшоў у акадэмію з бацькам, які дапамог сыну з выбарам кірунку.
— Падаю дакументы на спецыяльнасць «тэхнічная эксплуатацыя авіяцыйнага абсталявання», — сцісла адказвае хлопец.
— А куды ісці яшчэ? — дадае бацька абітурыента. — Для хлопца тэхнічная адукацыя не будзе лішняй. Некаторыя мужчыны гайку ад пласкагубцаў не адрозняць.
— Накідны ад тарцовага ключа адрозніць не магу, — усміхаецца хлопец.
— Вось, а так чалавек будзе ведаць, як яно працуе, не будзе пытацца: «Тат, а як гэта адкруціць?» Я ў гэтым разбіраюся, але ўсё растлумачыць не змагу. А тут да гэтага ставяцца больш дбайна, раскладуць усё, — разважае мужчына. — З авіяцыяй у нас ніхто з сваякоў не звязаны. Толькі сусед працуе лётчыкам, добры прыклад», — цытавала сямейства агенцтва «Мінск-Навіны».
Але, як можна зразумець з далейшых падзей, у Акадэмію авіяцыі Ламаносава не ўзялі. Іван недзе перабіўся год, а ў 2023‑м паступіў у Акадэмію МУС — туды бяруць амаль усіх ахвотных.
Іван Ламаносаў (злева) прымае прысягу ў будынку Музея Вялікай Айчыннай вайны, 2023 год. Фота: Telegram
Сацыяльныя сеткі хлопца ў той момант — як у многіх курсантаў — вычысціліся, старонка «Укантакце» стала пустой.
У канцы мая 2025 года Іван пытаўся па чатах, колькі каштуе паездка з Беларусі на тэрыторыю Украіны. Яму падказалі, што за дарогу ў Кіеў праз Варшаву давядзецца заплаціць $200.
Урэшце Ламаносаў паехаў ва Украіну з іншага боку. Дакладна невядома, калі менавіта і чаму, але неўзабаве хлопец апынуўся ў расійскай арміі, але ўжо 22 верасня 2025 года пайшоў на баявое заданне пад Запарожжам разам з расіянінам, які ўрэшце загінуў. Ад яго сваякоў і стала вядома, што той адпраўляўся ў бой «з маладым беларусам з пазыўным «Ламанос». Гэты «Ламанос» і ёсць 19‑гадовы Іван Ламаносаў.
Яго сваякі пацвердзілі, што Іван — «зніклы без звестак». Гэта такі эўфемізм, які ва ўмовах расійскіх мясных штурмаў у большасці выпадкаў азначае, што салдата ліквідавалі сілы абароны Украіны.
Да моманту сваёй верагоднай смерці Ламаносаў ужо мала нагадваў курсанта Акадэміі МУС. Ён набіў сабе татуіроўку на ўсю шыю на лацінскай мове, дзе адгадваецца толькі ніжняе слова (напісанае з памылкай): «Rhutenia». «Ruthenia» гэта лацінскі адпаведнік «Русі».
Прыжыццёвыя фота Івана, другая — з фронту. Крыніца: сямейны архіў
А таксама, па-прароцку, набіў сабе мішэнь на лбе.
Адметна, што гэта ўжо другі выпадак, калі на вайне гіне жаўтароты беларускі курсант. Нядаўна «Наша Ніва» паведамляла пра 18‑гадовага Рамана Шпака з Вайсковай акадэміі, чый лёс у агульных рысах супадае з лёсам Ламаносава.