Італьянец напісаў кнігу пра жыццё і дзейнасць езуітаў у Слуцку
Выданне грунтуецца на рукапісных крыніцах, якія цяпер захоўваюцца ў архівах і бібліятэках Беларусі, Польшчы і Літвы. Дакументы былі складзеныя адразу пасля скасавання ордэна езуітаў і даюць падрабязнае ўяўленне пра гісторыю Слуцка таго часу.
Укладальнік кнігі Андрэа Марыяні з папяровым асобнікам. Фота: Wydawnictwo Naukowe Uniwersytetu im. Adama Mickiewicza w Poznaniu
Кнігу «Інвентары езуіцкага калегіума ў Слуцку і яго зямельных уладанняў на мяжы 1773 і 1774 гадоў» (Inwentarze kolegium jezuitów w Słucku oraz jego majątków ziemskich z przełomu roku 1773 i 1774) выпусціла Навуковае выдавецтва Універсітэта імя Адама Міцкевіча ў Познані. Даследчыкам, які падрыхтаваў дакументы да друку і напісаў уступ, стаў італьянскі гісторык Андрэа Марыяні.
Езуіты з'явіліся ў Слуцку ў канцы XVII стагоддзя. З-за гістарычнай спадчыны князёў Алелькавічаў і кальвінісцкай галіны роду Радзівілаў у горадзе дамінавалі праваслаўныя і пратэстанты. Каб замацавацца і пачаць рэлігійную і адукацыйную дзейнасць, каталіцкаму ордэну даводзілася адаптавацца да мясцовага грамадства. Сведчаннем гэтага місіянерскага падыходу з'яўляецца нават архітэктура слуцкага касцёла езуітаў: вонкава ён больш нагадваў праваслаўную царкву, чым рымска-каталіцкі храм.
Рэканструкцыя выгляду касцёла Святой Тройцы ў Слуцку
Кніга аб'ёмам амаль у 600 старонак складаецца з дзвюх асноўных частак. У першай змешчана апісанне касцёлаў Святой Тройцы і Святога Духа, будынкаў калегіума, семінарыі і музычнай бурсы. Самымі інфарматыўнымі раздзеламі з'яўляюцца падрабязныя каталогі бібліятэкі, архіва і інвентар мясцовай аптэкі. Другая частка прысвечана апісанню зямельных уладанняў і фальваркаў калегіума (Ямінск, Замошша, Бокшыцы, Замосце, Кіевічы, Уса і інш.).
Вокладка кнігі. Фота: Wydawnictwo Naukowe Uniwersytetu im. Adama Mickiewicza w Poznaniu
Укладальнік кнігі Андрэа Марыяні нарадзіўся ў Мілане. У 2009 годзе ён прыехаў у Польшчу па студэнцкай праграме Erasmus. Атрымаўшы ступень магістра ў Міланскім універсітэце, ён паступіў у аспірантуру ва Універсітэт імя Адама Міцкевіча. Яго навуковыя інтарэсы сканцэнтраваныя на гісторыі Таварыства Ісуса ў Рэчы Паспалітай. Акрамя Слуцка, Марыяні працуе таксама над крытычным выданнем інвентароў езуіцкага калегіума ў Нясвіжы.
Маёнткі слуцкіх езуітаў падкрэсленыя чырвоным. Фота: з кнігі
Па словах даследчыка, многія езуіцкія інвентары захоўваюцца ў беларускіх і расійскіх архівах, якія доўгі час былі практычна недаступнымі для заходніх вучоных. Вывучэнне гэтых дакументаў дазваляе гісторыкам выйсці за рамкі выключна адукацыйнай ці рэлігійнай дзейнасці ордэна і даследаваць сацыяльныя, эканамічныя, медыцынскія (гісторыя аптэчнай справы) і дэмаграфічныя аспекты жыцця тагачаснага грамадства.
Кніга выйшла ў фармаце Open Access і даступная для бясплатнага спампоўвання ў электронным выглядзе на старонцы выдавецтва.