Іран заявіў аб удары па амерыканскай авіябазе. ЗША нанеслі новыя ўдары па Іране
Корпус вартавых Ісламскай рэвалюцыі заявіў, што а 04:50 па мясцовым часе Іран нанёс удар па амерыканскай авіябазе пасля атакі ЗША каля аэрапорта Бендэр-Абас, паведаміла інфармацыйнае агенцтва Tasnim.
Фота: Contributor/Getty Images
КВІР не ўдакладніў, дзе менавіта знаходзіцца база. Армія Кувейта заявіла ў чацвер, што яе сістэмы СПА працавалі на перахоп ракет і беспілотнікаў, піша Бі-бі-сі.
Іранскія вайскоўцы папярэдзілі, што любое паўтарэнне таго, што яны назвалі агрэсіяй, выкліча «больш рашучы» адказ. Яны заявілі, што адказнасць за наступствы ляжыць на «агрэсары».
ЗША нанеслі новыя ўдары па Іране
Уночы амерыканскія вайскоўцы нанеслі новыя ўдары па Іране, паразіўшы ваенны аб'ект і збіўшы чатыры іранскія ўдарныя беспілотнікі-камікадзэ ў раёне Армузскага праліва, паведамляе Reuters са спасылкай на афіцыйнага прадстаўніка ЗША.
Чыноўнік, які гаварыў на ўмовах ананімнасці, паведаміў, што мэтай удару стала іранская наземная станцыя кіравання ў горадзе Бендэр-Абас, дзе ішла падрыхтоўка да запуску пятага беспілотніка.
Гэтыя дзеянні былі выверанымі, выключна абарончымі і накіраванымі на захаванне рэжыму спынення агню, — заявіў чыноўнік.