БЕЛ Ł РУС

Еўрасаюз пакуль не будзе прызначаць перамоўшчыка з Пуціным

28.05.2026 / 08:46

Nashaniva.com

«Нам неабходна для пачатку дамовіцца, пра што менавіта мы хочам гаварыць з Расіяй», — патлумачыла адна з чыноўніц ЕС.

Фота: Alexander Kazakov, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP

Еўрапейскі Саюз пакуль не будзе прызначаць свайго прадстаўніка для магчымых перамоў аб заканчэнні вайны ва Украіне. Пра гэта ў чацвер паведаміла агенцтва DPA са спасылкай на высокапастаўленых чыноўнікаў ЕС.

Паводле іх слоў, прызначэнне канкрэтнага перамоўшчыка цяпер лічаць немэтазгодным як вярхоўная прадстаўніца ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кая Калас, так і вядучыя краіны Еўрасаюза, уключаючы Германію.

«Нам неабходна для пачатку дамовіцца, пра што менавіта мы хочам гаварыць з Расіяй», — патлумачыла агенцтву адна з чыноўніц ЕС.

У Бруселі перакананыя, што пасадзіць прэзідэнта Пуціна за стол перамоў дапаможа санкцыйны ціск. Еўракамісія і Еўрапейскае агенцтва знешніх сувязяў 28 мая прадставяць праект 21‑га пакета санкцый супраць Расіі на закрытых кансультацыях. Як чакаецца, ён закране фінансавы сектар і пастаўшчыкоў расійскай абароннай прамысловасці.

У Еўрасаюзе і еўрапейскіх дзяржавах апошнім часам актыўна абмяркоўвалася, ці варта ЕС прызначаць спецпрадстаўніка для магчымых перамоў з Расіяй. Сярод кандыдатаў на гэтую ролю называлі былога старшыню Еўрапейскага цэнтральнага банка Марыа Драгі, экс-канцлерку ФРГ Ангелу Меркель, а таксама прэзідэнта Фінляндыі Aляксандра Стуба.

Уладзімір Пуцін заявіў, што ў якасці перамоўшчыка ад ЕС хацеў бы бачыць былога канцлера ФРГ Герхарда Шродэра. Аднак як цяперашні ўрад Германіі, так і прадстаўнікі ЕС выключылі 82‑гадовага палітыка, якога лічаць блізкім да Пуціна, са спісу магчымых кандыдатаў, піша DW.

«Мы, еўрапейцы, самі вырашаем, хто гаворыць ад нашага імя. Ніхто іншы», — заявіў канцлер Германіі Фрыдрых Мерц.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула